У 2011–2012 гг. Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі быў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У 2012 г. Папам Бэнэдыктам XVI Дыяцэзіяльным Біскупам Пінскім быў прызначаны біскуп Антоні Дзям’янка. Дапаможным Біскупам Пінскай дыяцэзіі з 1999 г. па 2024 г. быў біскуп Казімір Велікаселец OP. У ліпені 2024 г. Папам Францішкам новым Дапаможным Біскупам Пінскай дыяцэзіі быў прызначаны біскуп Андрэй Зноска.
У наш час Пінская дыяцэзія ўключае ў сябе Гомельскую і Брэсцкую вобласці. Душпастырская праца ажыццяўляецца ў парафіях, аб’яднаных у дзевяць дэканатаў: Баранавіцкі, Брэсцкі, Гомельскі, Кобрынскі, Ляхавіцкі, Мазырскі, Навамышскі, Пінскі і Пружанскі.
З 2009 г. ў дыяцэзіі дзейнічае тэалагічная навучальная ўстанова для свецкіх асоб – Катэхетычны каледж імя Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах.
У Пінскай дыяцэзіі асабліва ўшаноўваюцца: святы Андрэй Баболя, благаслаўлёны Мечыслаў Багаткевіч, Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі і Слуга Божы Аляксандр Зянкевіч. Тут таксама пашыраны культ Божай Маці. Да ліку абразоў, якія асабліва ўшаноўваюць вернікі, адносяцца: Маці Божай Берасцейскай, Маці Божай Лагішынскай (Каралевы Палесся), Маці Божай Юравіцкай, Маці Божай Ласкавай (г. Косава), Маці Божай Бялыніцкай (в. Новая Мыш), Маці Божай Гомельскай. У катэдральным касцёле ў Пінску знаходзіцца знакаміты абраз Пінскай Мадонны.
Месцамі шматлікіх пілігрымак вернікаў сталі санктуарыі Маці Божай у Лагішыне, святога Андрэя Баболі ў Іванаве і Маці Божай Фацімскай у Баранавічах.