Гісторыя семінарыі ў Пінску
Заснавальнікам Духоўнай семінарыі ў Пінску з’яўляецца Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі. У цяжкія часы пачатку ХХ ст. гэты адданы пастыр імкнуўся падтрымліваць жыццё Касцёла і яго структуры на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Біскуп Лазінскі тройчы рабіў спробы стварэння вышэйшай і ніжэйшай семінарый: першы раз у Мінску 10 кастрычніка 1918 г., другі раз у Навагрудку 1 кастрычніка 1921 г., а трэці — у Пінску 12 верасня 1925 г. Духоўная семінарыя ў Пінску, якая размясцілася ў будынку былога францысканскага кляштара, пабудаванага пры катэдры ў пачатку XVIII ст., паспяхова дзейнічала з 1925 г. да 1939 г. Пасля перапынку ў часы атэізма ў адноўленым выглядзе дзейнічала з 2001 г. па 2024 г. За першы перыяд свайго функцыянавання яна падрыхтавала больш за 90 святароў, многія з якіх адыгралі заўважную ролю ў жыцці Касцёла на нашых землях, сталі мучанікамі за веру, адданымі і самаахвярнымі душпастырамі, пра якіх з глыбокай пашанай успамінаюць усе, хто з імі сустракаўся.Сярод выпускнікоў семінарыі ў першы перыяд яе дзейнасці можна ўзгадаць такіх вядомых асоб, як Кардынал Казімір Свёнтэк, Біскуп Драгічынскі Уладзіслаў Ендрушук, прафесар Акадэміі каталіцкай ідэалогіі ў Варшаве ксёндз Уладзіслаў Гладоўскі, благаслаўлёны мучанік Другой сусветнай вайны ксёндз Мечыслаў Багаткевіч, а таксама іншыя святары: Міхал Вільнеўчыц, Генрык Кардаш, Грыгорый Каласоўскі, Станіслаў Лазар, Ежы Росяк, Станіслаў Рыжка, Антоні Гжыбоўскі і іншыя. З апублікаваных успамінаў выхаванца даваеннага перыяду семінарыі ксяндза Станіслава Рыжкі можна даведацца, як там працякала жыццё. У нядзелю клерыкі спявалі Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, а на Святую Імшу і Нешпары ішлі ў катэдру. Кожны чацвер у семінарыйнай капліцы адбывалася Літургія ўсходняга абраду, якую цэлебраваў ксёндз Зянон Калянюк. У нядзелю і чацвер быў выхад у горад. Заняткі пачыналіся а 8-й гадзіне раніцы і працягваліся па 50 хвілін з дзесяціхвіліннымі перапынкамі да 12:50. Раскрыццю талентаў, развіццю духоўнасці клерыкаў і ўдасканаленню фармацыі служылі розныя гурткі і суполкі. Духоўны айцец Казімір Дамброўскі SJ увёў звычай штомесячнага дня духоўных разважанняў, названага «днём адновы». Душой семінарыі ў Пінску быў Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі. Ва ўсіх успамінах як выхавальнікаў, так і клерыкаў падкрэсліваецца яго вялікі ўплыў на атмасферу навучальнай установы, на фарміраванне ў душах яе выхаванцаў ідэалу святарства. Біскуп Зыгмунт выкладаў у семінарыі Святое Пісанне. Кожную лекцыю ён старанна рыхтаваў, чытаў з запалам, цікава і часам нават з гумарам. Вельмі сур’ёзна падыходзіў да якасці працэсу навучання, ставіў высокія патрабаванні. Для забеспячэння семінарыйнай бібліятэкі літаратурай біскуп не толькі сам перадаў у яе фонды свой кнігазбор, але таксама пастанавіў перадаваць у семінарыю прыватныя бібліятэкі святароў пасля іх смерці. Так, у 1930 г. фонд налічваў 10 500 тамоў, а ў 1935 г. — больш за 22 500 тамоў і 76 назваў часопісаў. Пасля ўз’яднання Беларусі ў верасні 1939 г. дзейнасць Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску была спынена. Адраджэнне і новае адкрыццё семінарыі ў сталіцы беларускага Палесся адбылося 12 верасня 2001 г., у свята Найсвяцейшага Імя Марыі. Гэта стала магчымым дзякуючы самаахвярным намаганням сведкі веры, першага і адзінага ў сучаснай гісторыі Беларусі Кардынала Казіміра Свёнтэка, былога выпускніка гэтай установы на беразе Піны. Дэкрэт Апостальскай Сталіцы аб адкрыцці семінарыі як міждыяцэіяльнай (для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій) падпісаў 31 мая 2001 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ. Кардынал Казімір Свёнтэк паклапаціўся аб капітальным рамонце будынка былога францішканскага кляштара, куды зноў пасля дзесяцігоддзяў вярнулася навучальная ўстанова. У сувязі з рэарганізацыяй працэсу падрыхтоўкі кандыдатаў да святарства ў 2024 г. семінарыя ў Пінску спыніла сваю дзейнасць. Выкарыстаны матэрыялы з Catholic.by