Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

У Баранавічах адзначылі Сусветны дзень кансэкраваных асобаў

5 лютага ў капліцы Святой Тройцы ў Баранавічах адбылося дыяцэзіяльнае малітоўнае спатканне святароў і кансэкраваных асобаў Пінскай дыяцэзіі. Асаблівай нагодай для сустрэчы стала

традыцыйнае святкаванне Сусветнага дня кансэкраваных асобаў. На паўсюдным узроўні гэты дзень у 30-ты раз адзначылі 2 лютага ў свята Ахвяравання Пана. Дыяцэзіяльны дзень малітвы і падзякі за дар асобаў манаскага стану адбыўся сёлета 5 лютага.

На пачатку сустрэчы усіх сабраных прывітаў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які падзякаваў кансэкраваным асобам за іх служэнне ў дыяцэзіі, прыбыццё на сустрэчу і супольную малітву.
Дапаможны Біскуп Андрэй Зноска запэўніў усіх кансэкраваных братоў і сясцёр, што сумесную Эўхарыстыю ў гэты дзень асаблівым чынам ахвяруе, молячыся аб умацаванні іх у ласцы паклікання і благаслаўлення на далейшы шлях ахвярнага служэння ў Пінскай дыяцэзіі.

Асаблівым момантам спаткання стала духоўная канферэнцыя, якую скіраваў да сабраных ксёндз Станістаў Вашкевіч SAC, пробашч парафій у Бярозе, Сягневічах і Белаазёрску. Святар запрасіў слухачоў заглыбіцца ў разважанне евангельскай сцэны сустрэчы святых Сімяона і Ганны з Дзіцяткам Езусам у Ерузалемскай святыні і таго, як яны вызналі сваю веру ў Збавіцеля.

Падчас святой Імшы, якую ўзначаліў Біскуп Антоні Дзям’янка, адбыўся абрад аднаўлення манаскіх абяцанняў. Кансэкраваныя асобы яшчэ раз перад абліччам Бога і пастыра дыяцэзіі пацвердзілі сваю прысягу, якую складалі падчас прыняцця манаскіх шлюбаў, і гатоўнасць далейшага служэння

ў Божай справе збаўлення душ.

На заканчэнне супольнага набажэнства Біскуп Антоні разам з Біскупам Андрэем, усімі святарамі і кансэкраванымі асобамі памаліўся за святой памяці Біскупа Максімільяна Айхэрна OSB з дыяцэзіі Лінц у Аўстрыі. Гэты іерарх Касцёла некалькі дзён таму адышоў у вечнасць, належаў да манаскай

супольнасці бэнэдыктынцаў, у 1990-я гады падтрымліваў адраджэнне Касцёла на Беларусі і стаяў ля вытокаў адражэння дабрачыннай місіі “Карытас” Пінскай дыяцэзіі.