16 мая супольнасць вернікаў Пінскай дыяцэзіі сабралася ў г. Іванава на традыцыйны фэст прысвечаны нябеснаму заступніку Палесся і дыяцэзіі – святому Андрэю Баболі.
Святкаванне распачалося малітоўнай працэсіяй па вуліцах горада Іванава шляхам мучаніцтва гэтага святога ад памятных “Крыжоў Адзінства” да касцёла-санктуарыя на цэнтральнай плошчы. Душпастыр мясцовай парафіі – ксёндз доктар Юрый Дрозд – нёс на чале працэсіі рэліквіі святога мучаніка, а міністранты з Гомеля і Пінска прайшлі шлях, несучы гістарычны вобраз-фератрон Андрэя Баболі.
Пасля заканчэння малітоўнай працэсіі, у парафіяльным касцёле ў Іванаве адбылася ўрачыстая літургія ў гонар святога мучаніка, якую ўзначаліў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з ім святую Імшу цэлебраваў архімандрыт Сяргей Гаек і святары з розных парафій дыяцэзіі. Як адзначыў Пінскі іерарх на пачатку літургіі, святы Андрэй Баболя з’яўляецца магутным нябесным заступнікам нашай дыяцэзіі, да якога мы звяртаемся, верым у яго апеку і нястомную малітву перад Богам.
Гамілію да шматлікіх пілігрымаў з розных парафій дыяцэзіі прамовіў ксёндз доктар Юрый Беганскі, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Войстаме (Гродзенская дыяцэзія). Святар заклікаў вернікаў цаніць дар веры, Касцёла і па прыкладу святога Андрэя быць праваднікамі Божай праўды і міласэрнасці ў сучасным свеце.
На заканчэнне літургіі ксёндз Юрый Дрозд падзякаваў біскупу, святарам, мясцовым вернікам і шматлікім пілігрымам за супольную малітву. Асаблівыя словы падзякі душпастыр парафіі і санктуарыя скіраваў музычнаму гурту з парафіі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах, які сёлета сваім спевам, музычным афармленнем і малітвай упрыгрожыў фэст і дапамагаў вернікам праславіць Бога за дар і нябеснае заступніцтва святога Андрэя Баболі.
Фота - Марына Валасар