Біскуп Казімір Букраба

(1885 – 1946)



Біскуп Казімір Букраба

(1885 – 1946)


Пасля адыходу ў вечнасць Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага Пінскую дыяцэзію ў 1932 г. ўзначаліў біскуп Казімір Букраба.

Казімір Букраба нарадзіўся ў Гродна ў 1885 г. у сям’і служачага. У родным горадзе ён скончыў школу, а да святарства рыхтаваўся, вывучаючы філасофію і тэалогію ў Санкт-Пецярбургу (1904 – 1908 гг.) і ў Інсбруку (Аўстрыя). Святарскае пасвячэнне атрымаў у Кракаве ў 1909 г.

Першай душпастырскай пляцоўкай ксяндза Казіміра стала катэдра ў Мінску, дзе яму былі даручаны абавязкі вікарыя. У 1912 г. ён пераехаў у Пінск і стаў рэктарам касцёла св. Карла Барамея. У Пінску ксёндз Казімір вёў таксама заняткі рэлігіі ў школах. Дзякуючы яго намаганням у 1919 г. у Пінск у свой даўні калегіум вярнуліся айцы езуіты. З 1919 да 1928 гг. ксёндз Казімір Букраба ажыцяўляў святарскае служэнне ў Навагрудку. Там ён правёў рамонт фарнага касцёла і кіраваў працай камітэта дапамогі дзецям. Ад 1928 г. святар працаваў у Брэсце.

10 ліпеня 1932 г. Папа Пій ХІ менаваў яго біскупам Пінскай дыяцэзіі. Інгрэс адбыўся 28 жніўня 1932 г. За тыдзень да гэтага ў Віленскай катэдры прайшла біскупская кансэкрацыя ксяндза Казіміра Букрабы. За час свайго служэння ў Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Букраба стварыў 20 новых парафій і 2 дэканаты, надаваў вялікую ўвагу працы духоўнай семінарыі. Пры ім распачалі сваю дзейнасць у дыяцэзіі манаскія супольнасці марыянаў, вербістаў і уршулянак.

Пад канец 1930-х гг. здароўе біскупа стала пагаршацца. Прычынай таму была яго ахвярная праца на карысць Касцёлу і патрасенні, выкліканыя пачаткам Другой Сусветнай вайны ў 1939 г. У сувязі са складанай палітычнай сітуацыяй, свецкія ўлады не далі яму магчымасці вярнуцца ў Пінск. Некаторы час біскуп Букраба прабываў на лячэнні ў шпіталі ва Львове. У 1942 г. ён апынуўся ў Варшаве, дзе служыў Божаму народу. Біскуп марыў вярнуцца ў Пінск. У 1945 г., будучы ўжо вельмі хворым, Казімір Букраба пасяліўся ў сясцёр уршулянак у Лодзі. Там жа 7 мая 1946 г. ён пакінуў гэты свет. Труна з целам біскупа да 1968 г. знаходзілася ў катэдры ў Лодзі, а пасля была перавезена ў Драгічын-над-Бугам.

Біскуп Казімір Букраба узначальваў Пінскую дыяцэзію з 1932 па 1946 г.