Рэлігійная місія “Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас” Пінскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкага Касцёла
ў Рэспубліцы Беларусь
Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” мае сваю больш чым 100-гадовую гісторыю ў свеце. У нашай краіне існуе з пачатку 1990-х. “Карытас” ад лацінскага “Сaritas” азначае міласэрную любоў. У сваёй працы гэтае таварыства ўдзяляе асаблівую ўвагу дзецям, дзецям-сіротам, інвалідам, малазабяспечаным асобам, пенсіянерам, шматдзетным, няпоўным сем’ям, а таксама ўсім тым, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі незалежна ад іх рэлігійнай, палітычнай, нацыянальнай і расавай прыналежнасці. Карытас Пінскай дыяцэзіі быў заснаваны ў 1993 годзе з цэнтрам у парафіі Перамянення Пана (в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на). Дэкрэтам Кардынала Казіміра Свёнтка ксёндз Валянцін Новак быў прызначаны першым дырэктарам каталіцкай дабрачыннай місіі «Карытас» Брэсцка- Гомельскага аддзялення. У першыя гады сваёй дзейнасці Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” займалася размеркаваннем бязвыплатнай гуманітарнай дапамогі, якая паступала з еўрапейскіх краін. У гэтыя ж гады стала праводзіцца праграма аздараўлення і адпачынку дзяцей за мяжой і на тэрыторыі Беларусі. 12 жніўня 1999 года Брэсцка-Гомельскае аддзяленне каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Карытас” было пераўтворана ў Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” Пінскай дыяцэзіі. 14 кастрычніка 2004 года пасля дзяржаўнай перарэгістрацыі “Карытас” стаў называцца: Рэлігійная місія “Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас” Пінскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь. На прыканцы 2011 года адміністратар Пінскай дыяцэзіі Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прызначыў дырэктарам таварыства ксяндза Паўла Халяўкіна, пробашча парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў в. Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна, Брэсцкай вобласці. Туды 31 студзеня 2012 г.была перанесена сядзіба “Карытас” Пінскай дыяцэзіі.
4 чэрвеня 2019 года рашэннем біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі пачалася рэарганізацыя дзейнасці “Карытас” Пінскай дыяцэзіі. У выніку офіс “Карытас” быў перанесены ў Пінск. Сёння дырэктарам гэтай рэлігійнай місіі з’яўляецца ксёндз Часлаў Ладыка.
У працы па праектах і дабрачынных праграмах “Карытас” Пінскай дыяцэзіі дапамагаюць супрацоўнікі, валанцёры і парафіяльныя супольнасці. На працягу больш за 30 гадоў “Карытас” Пінскай дыяцэзіі выконвае важную хрысціянскую місію, ажыццяўляючы духоўную, дабрачынную і гуманітарную дапамогу сацыяльна неабароненым катэгорыям насельніцтва на тэрырыторыі гэтай дыяцэзіі (Брэсцкай і Гомельскай абласцей).
“Карытас” Пінскай дыяцэзіі
працуе па наступных напрамках:
Дапамога дзецям,
якія засталіся на апецы, дзецям-інвалідам, дзецям-сіротам, а таксама дзецям са шматдзетных сем’яў і з няпоўных сем’яў;
Аказанне гуманітарнай дапамогі адзінокім і састарэлым людзям, шматдзетным і няпоўным сем’ям,
якія трапілі ў цяжкія жыццёвыя сітуацыі;
Аказанне дапамогі таварыствам інвалідаў, маладым інвалідам, інтэрнатам;