Лагішынскі Дом міласэрнасці
адрас

Лагішынскі Дом міласэрнасці


Установа сацыяльнага абслугоўвання “Лагішынскі дом міласэрнасці” заснаваны Пінскай дыяцэзіяй у 2011 г. Адкрыць Дом Міласэрнасці для пажылых людзей было марай святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка.

Гэтая мара ажыццявілася дзякуючы старанням шматлікіх людзей: лагішынскіх і пінскіх вернікаў, кардынала Свёнтка, святароў з манаскай супольнасці арыяністаў – ксяндза Станіслава Паўліны (шматгадовага пробашча ў Пінску) і Міраслава Жлабінскага (шматгадовага пробашча ў Лагішыне), а таксама вялікай колькасці дабрачынцаў, ахвярадаўцаў і валанцёраў.

Дом міласэрнасці ў Лагішыне сваіх першых жыльцоў прыняў 1 чэрвеня 2011 г. Галоўнай мэтай дзейнасці гэтай установы з’яўляецца аказанне дапамогі патрабуючым пажылым людзям. Пастаяльцы Дома міласэрнасці – гэта не толькі католікі, але і прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій, а таксама няверуючыя і неахрышчаныя асобы.

Дом міласэрнасці дзейнічае ў Лагішыне як асаблівым месцы, бо тут знаходзіцца санктуарый Маці Божай у цудадзейнай іконе Каралевы Палесся, што чыніць гэтую мясцовасць сапраўднай духоўнай сталіцай Палесся.
Дом міласэрнасці складаецца з 6 сектараў: 4 жылыя сектары з заламі адпачынку; сектар для аказання медыцынскай дапамогі; гаспадарчы сектар з кухняю, сталоўкаю і дапаможнымі памяшканнямі.

Паводле каталіцкай традыцыі, кожны Дом такога тыпу мае сваю патранальную назву. Лагішынскі Дом міласэрнасці прысвечаны Божаму Провіду, а ў галоўным холе змешчана копія цудоўнай фігуры Найсвяцейшай Панны Марыі – Маці Божага Провіду. Тут жа побач знаходзіцца капліца імя Езуса Збавіцеля, у якой кожную суботу святар цэлебруе святую Імшу для жадаючых пастаяльцаў і працаўнікоў.

Святы Ян Павел II казаў: “Хворы чалавек знаходзіцца ў цэнтры Касцёла, бо лучыць сваё цярпенне з цярпеннем Хрыста”. Кожны з пастаяльцаў Дома міласэрнасці пражыў складанае жыццё. Кожны мае свае звычкі, свой характар. Тут кожнага разумеюць, спачуваюць і дапамагаюць, ствараючы годныя ўмовы пражывання і ўсебаковай падтрымкі.

Паводле матэрыялаў часопісаў “Ave Maria”, “Дыялог”

Лагішынскі Дом міласэрнасці
Video