Знаходзіцца ў Брэсцкім парафіяльным касцёле Узвышэння Святога Крыжа
Цудадзейны абраз Маці Божай Берасцейскай, Маці-Выратавальніцы, датуецца XVI ст.
Паводле падання, абраз прывёз з Рыму біскуп Адам Іпацій-Пацей, які быў у складзе беларускай дэлегацыі пры заключэнні Уніі, якую падпісаў Папа Клеменс VІІІ 23 студзеня 1595 г. Тады хутчэй за ўсё ён падараваў абраз Маці Божай. Біскуп, вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, змясціў святыню ў дамініканскім касцёле ў мястэчку Шараўка на Падоллі. Падчас набегу татараў абраз быў вывезены, але ваявода Мікола Патоцкі разбіў нападнікаў, вярнуў абраз і змясціў яго ў адмыслова збудаванай радавой капліцы ў Брэсце, а пасля ў гарадскім дамініканскім касцёле. У тыя часы моцна пашырыўся культ Маці Божай у Берасцейкай выяве ў сувязі са шматлікі цудамі і ласкамі, якія дазнавалі вернікі просячы заступніцтва перад Богам Найсвяцейшай Панны.
У другой палове ХІХ ст. абраз Маці Божай Берасцейскай быў перанесены ў пабудаваны ў 1851 г. касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў цэнтры горада. Там ікона знаходзілася да 1948 г. У сувязі з атэістым пераследам касцёл быў зачынены з 1948 па 1990 г. У савецкі перыяд святыня выкарыстоўвалася як музей. Падчас закрыцця касцёла цудадзейны абраз быў уратаваны вернікамі. Яны спачатку захоўвалі яго ў прыватным доме. Пасля, у 1968 г. абраз быў перанесены ў адзіны дзеючы на тэрыторыі горада ў тыя часы храм – капліцу Маці Божай Каралевы ў мікрараёне Кіеўка.
У 1990 г. касцёл Узвышэння Святога Крыжа быў вернуты каталіцкай парафіі. Пасля яго рэкансэкрацыі, якая адбылася 12 жніўня 1992 г., ва ўрачыстай малітоўнай працэсіі тысячы сабраных вернікаў перанеслі цудадзейны абраз Маці Божай Берасцейскай на яе ранейшае месца ў цэнтральным касцёле. 30 чэрвеня 1996 г. адбылася ўрачыстая каранацыя выявы Маці Божай і Хрыста на Берасцейскай іконе, менаванай тытулам “Маці Выратавальніцы”. Гэта была першая каранацыя марыйнага абраза ў сучаснай гісторыі Беларусі. Акт ускладання каронаў, пасвечаных і перададзеных Папам Янам Паўлам ІІ, здзейсніў кардынал Казімір Свёнтэк і Нунцый Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі.
Вернікі Брэста штодзённа чуваюць у малітве пры бакавым алтары касцёла Узвышэння Святога Крыжа, дзе знаходзіцца цудадзейны абраз Багародзіцы. Урачыстасць у гонар Маці Божай Берасцейскай адбываецца ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце штогод у апошнюю суботу мая. Малітва да Маці Божай Берасцейскай
Маці Божая Берасцейская, Пані выратавання, поўная ласкі і міласэрнасці, Маці пакінутых, суцяшальніца расчараваных, шлях блукаючых, успамога тых, хто патрабуе апекі, Маці Няспыннага Паратунку, будзь ласкава паспяшыць на дапамогу нам. Спашлі духа Божай ласкі ў нашыя нячулыя сэрцы. Знішчы бязвер’е і сумненні ў нашых сем’ях, пакажы любоў і радасць жыцця з Богам. Маці Божая Берасцейская, заступіся за нас. Амэн.