Абраз Маці Божай Гомельскай – гэта спіс абраза Маці Божай Снежнай, аднаго з найстаражытнейшых абразоў Багародзіцы ў свеце, які захоўваецца ў Рымскай базыліцы Santa Maria Maggiore. На ім Багародзіца трымае Дзіцятка Езуса на левай руцэ, падтрымліваючы Яго праваю. Позірк Дзіцяткі скіраваны крыху ўгару, да Маці; правая рука благаслаўляе, а левая трымае закрытую кнігу, на якой відаць крыж і надпіс «IHS» (Iesus Hominum Salvator – «Езус, Збаўца людзей»). На абраз ускладзена пазалочаная шата з каронамі, над якімі змешчаны дванаццаць срэбраных зорак.
Абраз Маці Божай Гомельскай знаходзіцца ў алтары капліцы, што знаходзіцца каля новабудоўлі - касцёла Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Фэст у гонар Маці Божай Гомельскай адбываецца 15 жніўня ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў аднайменнай парафіі ў г. Гомелі.