To main content
Цудадзейны абраз Маці Божай, Каралевы Палесся

Знаходзіцца ў Лагішынскім парафіяльным касцёле

Святых Пятра і Паўла.

Цудадзейны абраз Маці Божай, Каралевы Палесся, стаў знакаміты на лагішынскай зямлі падчас ліхалеццяў Паўночнай вайны (1700–1721 гг.), калі адзін з афіцэраў, які вывозіў з сабою гэтую выяву Багародзіцы з Дзіцяткам Езусам, пасля начлегу забыўся забраць ікону ў мясцовага старасты. Абраз занеслі ў касцёл, дзе ён у хуткім часе праславіўся шматлікімі цудамі.

На пачатку 1990-х гг. дзякуючы намаганням Кардынала Казіміра Свёнтэка абраз Маці Божай, Каралевы Палесся, быў адрэстаўраваны. 10 мая 1997 г. Кардынал Свёнтэк здзейсніў каранацыю абраза папскімі каронамі, пасвечанымі і перададзенымі ў Лагішын Святым Янам Паўлам ІІ. У той жа дзень быў падпісаны дэкрэт аб устанаўленні ў Лагішыне санктуарыя Маці Божай Каралевы Палесся. Найсвяцейшая Панна Лагішынская была абвешчана Апякункай Пінскай дыяцэзіі.


Штогод Санктуарый Маці Божай у Лагішыне традыцыйна збірае сотні пешых пілігрымаў: на пачатку мая – з Пінска, а на пачатку жніўня – з Баранавічаў і Бярозы. На заканчэнне пілігрымак у жніўні праходзіць Фэст Каралевы Палесся (выхадныя перад урачыстасцю Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, перад 15 жніўня).

Урачыстасць Маці Божай Каралевы Палесся ў Пінскай дыяцэзіі

адзначаецца 22 жніўня.

РАІМ ПАЧЫТАЦЬ