Абраз Маці Божай Навамышскай

(Бялыніцкай)

Знаходзіцца ў Бялынічах

Абраз Мацi Божай Навамышскай з’яўляецца адной з найстарэйшых копій знакамітай іконы Маці Божай Бялыніцкай з Магілёўшчыны.

Паводле некаторых даследчыкаў, з 1660 па 1665 гг. арыгінальны абраз Маці Божай Бялыніцкай быў перавезены з Магілёўшчыны ў Ляхавічы, дзе ў магутнай крэпасці ён захоўваўся падчас трываючай у той час вайны. Лічыцца, што менавіта ў той перыяд была напісаная дакладная копія гэтай іконы, якая спачатку захоўвалася ў кляштары бенедыктынак у Нясвіжы.

Пасля закрыцця бенедыктынскага касцёла і кляштара ў Нясвіжы (1866 г.), фрагменты алтароў і некаторыя абразы былі перавезеныя ў касцёл у мястэчка Новая Мыш (сёння – вёска ў Баранавіцкім раёне) у 1890 г. Прычынай таму быў пажар у навамышскім касцёле, які моцна пашкодзіў усё ўнутранае ўбранства святыні. Каб касцёл не застваўся пустым пасля пажару, на просьбу мясцовых вернікаў, царскія ўлады дазволілі з фрагментаў былых бенедыктынскіх алтароў з Нясвіжа сабраць “новыя” алтары ў навамышскім храме.

Абраз Маці Божай Бялыніцкай па нейкіх прычынах быў схаваны ў бакавым алтары за абразом Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Ён знайшоўся выпадкова падчас рэстаўрацыйных прац, якія былі распачатыя ў навамышскім касцёле ў 1994 г. Выпадковае адкрыццё схаванай бялыніцкай іконы ў бакавым алтары касцёла ў Новай Мышы стала ў сярэдзіне 1990-х сапраўднай сенсацыяй. Вернікі, якія моляцца перад гэтым вобразам, сведчаць аб шматлікіх Божых ласках, цудах і благаслаўленнях, якія яны атрымліваюць праз пасрэдніцтва Багародзіцы.

Асаблівым днём ушанавання Маці Божай Бялыніцкай у Новай Мышы з’яўляецца
8 верасня – свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэты дзень адметны таксама тым, што 8 верасня 1761 г. абраз Бялыніцкай Багародзіцы быў увенчаны каронамі, пасвечанымі і перададзенымі Папам Клеменсам ХІІІ на знак пашаны і прызнання цудоўнай апекі Маці Божай, якой вернікі дазнаюць у малітве перад Яе Бялыніцкай выявай.
РАІМ ПАЧЫТАЦЬ