У Мазыры ў галоўным алтары касцёле святога Міхала Арханёла захоўваецца копія цудоўнага абраза Маці Божай Юравіцкай, шанаванага і вядомага многія стагоддзі сярод католікаў далёка за межамі Палесся. Гісторыя абраза Маці Божай Юравіцкай сягае XV ст. Паводле летапісаў, у XVII ст. шляхецкі род Канецпольскіх перадаў гэты абраз як сваю сямейную рэліквію на захаванне ў касцёл айцоў езуітаў у г. Бар (Украіна). У 1673 г. у Юравічах каля Мазыра стараннямі мясцовых католікаў быў пабудаваны драўляны касцёл, дзе пастрыскае служэнне ажыццяўлялі манахі Ордэна Езуітаў. Яны ж перавезлі старадаўні абраз з Бару спачатку ва Львоў, пасля – у Юравічы. Менавіта адсюль слава пра цудоўны абраз Маці Божай разышлася па ўсёй краіне. У 1726—1746 гг. замест драўлянага касцёла ў Юравічах быў пабудаваны мураваны, які пад апекай айцоў езуітаў стаў яшчэ больш знакамітым санктуарыем Багародзіцы.
У 1864 г. касцёл у Юравічах быў зачынены царскімі ўладамі. Пасля закрыцця святыні, у 1885 г. цудоўны абраз Маці Божай Юравіцкай быў перавезены ў Кракаў, дзе па сённяшні дзень захоўваецца ў езуіцкім касцёле святой Барбары. У касцёле ў Мазыры знаходзіцца дакладная копія гэтай выявы Багародзіцы, перад якой не спыняецца ўдзячная малітва вернікаў да Пана Бога праз заступніцтва Найсвяйцейшай Панны Марыі Юравіцкай.
Фэст Маці Божай Юравіцкай у Мазыры адзначаецца 12 верасня ў свята Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.