Дабрачынная каталіцкая Місія «Карытас-Міласэрнасць» Пінскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкага Касцёла
ў Рэспубліцы Беларусь
Рашэннем Кардынала Казіміра Свёнтка ў 2003 г. была створана Дабрачынная каталіцкая Місія «Карытас-Міласэрнасць» у Гомелі. Яе стварэнне дало магчымасць рэалізоўваць шматлікія дабрачынныя праекты па ўсёй Гомельскай вобласці. Асноўным прынцыпам дзейнасці «Карытас-Гомель» з’яўляецца дапамога людзям, якія жывуць у крайняй беднасці і патрэбе, каб стварыць для іх умовы годнага жыцця.
Служба, якую рэалізуе Дабрачынная каталіцкая Місія «Карытас-Міласэрнасць» выяўляецца ў розных накірунках. У 2011 г., пасля сямі гадоў будаўніцтва, былі ўзведзеныя і абсталяваныя шэсць двухпавярховых жылых дамоў і гаспадарчы корпус. На базе пабудаванага комплексу створана ўстанова «Гомельскі дом-інтэрнат для дзяцей інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця», дзе пражываюць і развіваюцца 65 дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю.
У верасні 2021 г. было завершана будаўніцтва і адкрыўся Інтэгратыўны адукацыйна-тэрапеўтычны цэнтр, які з’яўляецца працягам развіцця новай мадэлі работы сацыяльных устаноў і робіць значны ўклад у сацыяльную інтэграцыю і інклюзію дзяцей, маладых і дарослых людзей з інваліднасцю (цяжкай інваліднасцю). Праект накіраваны на паляпшэнне якасці жыцця, развіццё і адукацыю дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю.
У снежні 2022 г. у рамках новага праекта «Карытас» у Беларусі адкрыўся Сацыяльны пункт у Мазыры. Ён дазволіў аказваць дапамогу тым, хто асабліва мае ў ёй патрэбу: пенсіянерам, людзям з інваліднасцю, шматдзетным, няпоўным, апякунскім сем’ям, а таксама тым, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Сайт дабрачыннай каталіцкай Місіі «Карытас-Міласэрнасць»