У памяць пра захванне рэліквій святога Казіміра і каб даць магчымасць як мага большай колькасці вернікаў ушанаваць гэтага святога заступніка нашага краю, урачыстая працэсія з часцінкай яго рэліквій у адмысловым рэлікварыі і каштоўным абразом спачатку прайшла праз усё мястэчка ад капліцы святога Казіміра да замка Сапегаў.
Каб даць магчымасць удзельнікам урачыстасці адчуць тую адмысловую атмасферу, калі Ружаны ў XVII стагоддзі прымалі рэліківіі святога Казіміра, у працэсіі ўзялі ўдзел прадстаўнікі клубаў гістарычнай рэканструкцыі. Дзякуючы іх старанням рыцары, коннікі, сярэднявечныя музыкі, дамы і кавалеры, якія суправаджалі ў шэсці з харугвамі святароў з рэліківямі святога да алтара на тэрыторыі гістарычнага Ружанскага замку, а пасля — у парафіяльны касцёл, стварылі незабыўную атмасферу, дзякуючы якой шматлікія вернікі і госці ўрачыстасці змаглі пагрузіцца ў перажыванне багатай гісторыі Касцёла на гэтай зямлі.