БЛАГАСЛАЎЛЁНЫ
КСЁНДЗ МЕЧЫСЛАЎ БАГАТКЕВІЧ
Мечыслаў Багаткевіч нарадзіўся 1 студзеня 1904 г. у маёнтку Крыкалы каля Дунілавіч (сучасная Віцебская вобласць). Яго бацькамі былі Станіслаў і Юзэфа з дому Зянкевічаў. Яго дзядзька А. Зянкевіч быў святаром Віленскай архідыяцэзіі і дэканам у Крынках. Акрамя Мечыслава, у сям’і Багаткевічаў было яшчэ восем дзяцей, адзін з іх — Станіслаў — таксама стаў святаром. Пачатковую адукацыю Мечыслаў атрымаў у в. Сітцы каля Параф’янава. Вучыўся ў гімназіі ў Будславе, а потым у Докшыцах. Пасля паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Навагрудку, якую адкрыў біскуп Зыгмунт Лазінскі. З утварэннем у 1925 г. Пінскай дыяцэзіі семінарыя была перанесена ў Пінск, дзе ў 1931 г. Мечыслаў паспяхова скончыў навучанне. Пасля семінарыі ён вывучаў педагогіку ў Варшаўскім універсітэце. Пасвячэнне ў святары адбылося 23 ліпеня 1933 г. у Пінскай катэдры. Пасля пасвячэння ксёндз Мечыслаў распачаў працу ў Драгічыне-над-Бугам, адначасова працягваючы ўніверсітэцкае навучанне, быў выхавацелем моладзі ў Ніжэйшай духоўнай семінарыі. У 1936–1939 гг. быў прэфектам гімназіі ў Лунінцы, педагогам і святаром. Выкладаў гісторыю Касцёла, этыку, з’яўляўся капеланам Згуртавання скаўтаў і апекуном Марыянскай садаліцыі. Паводле ўспамінаў яго вучняў: «Там, дзе з’яўляўся ксёндз Багаткевіч, было шмат моладзі, весялосці і радасці, ён проста любіў нас. Ён ніколі не быў адзін, побач з ім заўсёды былі яго вучні. Ксёндз Мечыслаў ведаў пра нас усё, пра ўсе нашыя грахі, правіны, пра нашыя беды і клопаты. Ён адзіны, хто праводзіў з намі час у размовах і жартах на калідорах або на вуліцы». Калі пачалася Другая сусветная вайна, ксёндз Мечыслаў Багаткевіч абслугоўваў парафію Пеліканы і заставаўся там да восені 1941 г. Пеліканскія парафіяне вельмі любілі свайго святара, яго запал і жыццёвая энергія гуртавалі вакол касцёла моладзь. Ён быў харызматычным прапаведнікам. Усе былі вельмі захоплены яго прыгожымі казаннямі. І калі вернікі вярталіся дадому пасля Святой Імшы, дома іх ужо чакалі тыя, хто не змог у гэты дзень быць у касцёле, каб распытаць, аб чым гаварыў ксёндз Мечыслаў з амбона. Кожнае слова гэтага святара ўспрымалася людзьмі з вялікаю ўвагаю і пасля перадавалася іншым. Людзі таксама ўзгадвалі, што святар заўсёды аддаваў бедным тое, што атрымліваў ад іншых падчас каляды. У лістападзе 1941 г., кіруючыся апостальскім духам, ксёндз Мечыслаў адправіўся ў Дрысу, якая знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Там шмат гадоў не было святара, а людзі жылі пад ціскам ваяўнічай атэізацыі. Ахвярны святар распачаў працу па аднаўленні духоўнага жыцця. Гэта не спадабалася акупантам. Папярэджаны вернікамі аб небяспецы з боку гітлераўскіх улад, ксёндз Мечыслаў застаўся з вернікамі. 16 студзеня 1942 г. яго арыштавалі і святар апынуўся ў турме. Намаганні ксяндза А. Зянкевіча вызваліць свайго пляменніка не прынеслі поспеху. 2 сакавіка 1942 г. гітлераўская паліцыя пасадзіла кс. Мечыслава і кс. С. Пыртака, а праз дзень і кс. У. Мацьковяка ў камеру смяротнікаў. Ксёндз Мечыслаў не скарыстаўся магчымасцю ўцёкаў дзеля таго, каб не цярпелі іншыя — закладнікі. Перад смерцю выспаведаўся і цэлебраваў Святую Імшу. У развітальным лісце да родных дараваў грэх забойцам, молячыся аб іх навяртанні. У сваім апошнім лісце да маці ён напісаў: «…У гэтую ноч ідзём на смерць. <…> Відаць, такая Божая воля, бо я мог уцячы з Дрысы, таксама і адсюль, але баяўся, каб не зруйнаваць Божую волю і каб пазней пры смерці не мець папрокаў сумлення…» І напрыканцы ліста дадаў: «Пішу гэта апоўначы з 3 на 4 сакавіка 1942 г. у глыбоцкай турме. Няхай жыве Хрыстус Валадар! Амэн». Благаслаўлёны Мечыслаў Багаткевіч быў расстраляны гітлераўцамі разам з іншымі святарамі ва ўрочышчы Баркі каля г. Глыбокае, у месцы масавай казні, дзе падчас Другой сусветнай вайны загінула каля 27 тыс. чалавек. 13 чэрвеня 1999 г. Папа Ян Павел ІІ абвясціў ксяндза Мечыслава Багаткевіча благаслаўлёным мучанікам Каталіцкага Касцёла. У Пінскай дыяцэзіі асаблівым месцам ушанванння гэтага святара з’яўляецца касцёл у Лунінцы, дзе ён быў душпастырам. Выкарыстаны матэрыялы з Catholic.by;
«На старонках Брэвіярыя» // «Дыялог»;
Ave Maria. 2012. № 4 (205)