СЛУГА БОЖЫ
КСЁНДЗ АЛЯКСАНДР ЗЯНКЕВІЧ
Слуга Божы ксёндз Аляксандр Зянкевіч нарадзіўся ў 1910 г. і паходзіць з парафіі Дунілавічы на Віцебшчыне. У 1924–1931 гг. вучыўся ў Ніжэйшай духоўнай семінарыі ў Навагрудку і Драгічыне-над-Бугам, а ў 1931–1938 гг. — у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску. У 1938 г. у Пінскай катэдры прыняў святарскае пасвячэнне. У 1939–1946 гг. ксёндз Аляксандр нёс служэнне ў Навагрудку як капелан манаскай супольнасці сясцёр-назарэтанак. Адзінаццаць сясцёр гэтай супольнасці ахвяравалі за яго і за іншых навагрудчан сваё жыццё, калі 11 жніўня 1943 г. былі расстраляны гітлераўцамі. Дзякуючы намаганням ксяндза Аляксандра пасля расстрэлу целы сясцёр былі знойдзены і перапахаваны, памяць пра іх была захавана. Святар шмат рупіўся, каб яго духоўныя дочкі, мучаніцы-назарэтанкі, былі беатыфікаваныя. Але яму не дадзена было дачакацца гэтага моманту: ён адышоў у вечнасць восенню 1995 г. у Вроцлаве (Польшча), а ў 2000 г. у Рыме мучаніцы з Навагрудка былі ўзнесены да хвалы алтара Папам Янам Паўлам ІІ. Пасля Другой сусветнай вайны ксёндз Аляксандр быў вымушаны выехаць у Польшчу. Спачатку быў душпастырам у Сыцаве, а пасля яго абралі рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ва Ўроцлаве. Найбольшая слава гэтага святара звязана з яго здольнасцямі працаваць з моладдзю. Як душпастыр студэнтаў, ён быў вядомы на ўсю Польшчу. Маладыя людзі ласкава называлі яго «дзядзька». Дэвізам яго святарскага служэння быў заклік «Заўважаць кожнага чалавека». У 2012 г. у Вроцлаве распачаўся інфармацыйны працэс, які пачаў падрыхтоўку да беатыфікацыі ксяндза Аляксандра Зянкевіча. Былі даследаваны старонкі яго біяграфіі як семінарыста і святара ў Пінску і Навагрудку. Былі знойдзены шматлікія сведчанні, якія пацвярджалі высокі ўзровень маральнага і духоўнага жыцця Слугі Божага. Яны захаваліся ў Брэсцкім абласным архіве, а таксама ў Мінску ў архівах, прысвечаных падзеям Другой сусветнай вайны. У 2024 г. матэрыялы аб беатэфікацыі Слугі Божага ксяндза Аляксандра Зянкевіча пачала разглядаць Апостальская Сталіца. Гэта важны крок на кананічным шляху абвяшчэння яго Благаслаўлёным.Выкарыстаны матэрыялы з Catholic.by