Гісторыя Аргана Пінскага катэдральнага касцёла
чытаць далей
Упершыню арган у Пінскім францішканскім (сёння – катэдральным) касцёле згадваецца ў 1648 г. Таксама гісторыя данесла да нас імя аднаго з першых вядомых арганістаў касцёла – манаха-францішканца Людвіка Лапчынскага (памёр у 1679 г.).  
У 1836 г. ў касцёле быў пабудаваны вялікі барочны арган, корпус якога дайшоў да нашага часу. Сярод усёй арганнай барочнай спадчыны Беларусі гэта захаваныя рэшткі другога па памерах аргана (пасля Будслаўскага). Над папярэдняй кафедрай намаляваны вялікі каляровы герб «Лада» і змешчаны надпіс: «G. Ł. Adalbertus Grodzicki 1836». Так падпісаўся стваральнік гэтага аргана - Адальберт Градзіцкі (Adalbertus Grodzicki, 1789-1845 гг.).
Падчас Першай сусветнай вайны металічныя трубы аргана былі канфіскаваныя немцамі. У 1925 г. занатавана, што арган немагчыма выкарыстоўваць.
У 1936 годзе фабрыка Вацлава Бярнацкага (Wacław Biernacki) перабудавала інструмент у старой барочнай шафе. Ад папярэдняга аргана была скарыстана частка драўляных і металічных труб, якія складаюць каля 20-30 % ад усіх труб аргана (1662 труб).
Арганная шафа складаецца з трох частак. Верхняя цэнтральная частка ўнутры пустая, ў яе верхняй частцы знаходзіцца толькі эффект “Zimbelstern” (ад нямецкага – “зорка са званочкамі”), зорка якога бачна на самым версе праспекта. У правай частцы знаходзяцца некалькі педальных рэгістраў, вялікі складчаты мех і трубы першага мануала. У левай частцы на другім паверсе змешчана швелерная скрыня, у якой знаходзяцца трубы другога мануала, на першым паверсе знаходзяцца педальныя рэгістры і кампенсацыйны паплаўковы мех. На праспекце левай і правай частак змешчаны 66 труб рэгістраў першага мануала (Pryncypal 8`) і педальных рэгістраў (Pryncypalbas 16` і Cello 8`).
На пачатку 1980-х гг. намаганнямі пробашча Пінскай катэдральнай парафіі ксяндза Казіміра Свёнтэка (пазнейшага кардынала і мітрапаліта) арган быў грунтоўна адрамантаваны, тады ж у аргане былі дабудаваныя два рэгістры: Kwinta 2 2/3` і Superoctawa 2`. Пасля завяршэння рамонтаў, ксёндз Казімір Свёнтэк пачаў арганізоўваць першыя арганныя канцэрты ў Пінскай катэдры ў 1980-я гады.
Наступны капітальны рамонт аргана праведзены ў 2018-2019 гг. намаганнямі пробашча катэдральнай парафіі ксяндза Паўла Врубеля пры падтрымцы Юрыя Зіссера. Рамонтныя працы ўзначаліў майстар Аляксандр Бурдзялёў. Пад яго мастацкім кіраўніцтвам з 2019 г. ў Пінскай катэдры праводзіцца фестывалі арганнай музыкі, канцэрты, сімпозіумы, майстар-класы, а таксама летнія курсы “Арганнай акадэміі” для арганістаў.
Пінскі катэдральны арган - другі па велічыні (пасля аргана ў Гродзенскім катэдральным касцёле) гістарычны арган Беларусі. Інструмент мае пнеўматычную трактуру, і спалучае рысы эпохі барока i позняга рамантызма, што дазваляе выконваць на ім шырокі спектр музычнага рэпертуара. Праспект аргана (захаваны ад інструмента А. Градзіцкага) з'яўляецца самым вялікім барочным праспектам у Беларусі.  
Экскурсіі да Пінскага катэдральнага аргана – гэта не толькі магчымасць убачыць і пачуць гэты старадаўні велічны інструмент з боку інтэр’ера храма, але таксама можна зазірнуць або зайсці ўнутр таго чароўнага цуда-інструмента, каб убачыць геніяльную гармонію музыкі, тэхнікі і сакральнага мастацтва. 

Выкарыстаны матэрыялы: argany.by

Арган Пінскай катэдры

Адрас

«Арган над Пінай»

Выйшаў дакументальны фільм, прысвечаны рэстаўрацыі аргана пінскай катэдры


Стужка, якая з’явілася ў сеціве 17 чэрвеня, была знятая кінарэжысёрам Вольгай Плясневіч з Масквы і прысвечана заснавальніку парталу TUT.BY Юрыю Зісеру.

Як перадае TUT.BY, Вольга Плясневіч здымала ў Беларусі дакументальны фільм пра яшчэ адзін унікальны арган, які знаходзіцца ў касцёле святых Пятра і Паўла ў вёсцы Мядзведзічы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Гэты фільм таксама неўзабаве можна будзе ўбачыць.
У фільме «Арган над Пінай» можна пачуць не толькі тое, як гучыць адноўлены вядомым мецэнатам старадаўні арган, але таксама голас кардынала Казіміра Свёнтка — чалавека, які збярог для нашчадкаў унікальны інструмент, пінскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і найкаштоўнейшы скарб — спадчыну нашай хрысціянскай веры, мужным сведкам якой ён быў на працягу ўсяго свайго доўгага і поўнага выпрабаванняў святарскага жыцця.
У застаўцы напачатку паведамляецца, што фільм прысвечаны Юрыю Зісеру, дзякуючы якому ў 2019 годзе быў адноўлены арган пінскага катэдральнага Касцёла.

«Фільм распавядае пра гістарычны арган пінскай катэдры, якая летась стала адным з цэнтраў прыцягнення ў арганнай культуры Беларусі», — адзначыў прадстаўнік праекту «Арганы Беларусі».