Манаскі Закон святога Паўла — першага пустэльніка (паўліны) (OSPPE)
Пачатак і развіццё манаскага Закону (Ордэна) святога Паўла, першага пустэльніка, цесна звязаны з венгерскай зямлёй і адносіцца да ХІІІ стагоддзя. Гэты закон не толькі быў створаны ў каралеўстве св. Стэфана, у Венгрыі, але тут ён дасягнуў найбольшага за сваю гісторыю росквіту.Праводзячы аднойчы візітацыю ў сваёй дыяцэзіі, біскуп Барталамей сустрэў шмат пустэльнікаў. Уражаны суровым і цнатлівым жыццём манахаў, ён у 1225 г. сабраў разам разрозненых пустэльнікаў і склаў для іх першы часовы збор правілаў, які акрэсліваў жыццё ў кляштары накшталт статуту бэнэдыктынаў: фізічная праца, малітва, абмежаванае апостальства. Амаль адначасова Эўзэбій, канонік катэдральнай капітулы, не толькі наладзіў кантакт з пустэльнікамі, але і сам, жадаючы падзяліць іх жыццё, пабудаваў для разрозненых пустэльнікаў кляштар з касцёлам святога Крыжа.Эўзэбій, таксама як і яго субраты, быў самаадданым шанавальнікам Маці Божай, асаблівай Апякункі Венгрыі. З гэтай прычыны каля алтара святога Крыжа ён пабудаваў другі алтар, прысвечаны Багародзіцы. Першыя паўлінскія пустэльнікі паглыбляліся ў малітоўнае разважанне жыцця Пана Езуса разам з Марыяй, Яго Маці, бо лічылі, што значна лепш можна ўспрыняць Езуса, Яго слова, Яго ўчынкі і жэсты, калі маліцца з Тою, якая найлепш і найбольш поўна прыняла Яго.Манахі пустэльнікі сваім патрыярхам і айцом, а таксама годным пераймання прыкладам манаскай святасці выбралі святога Паўла з Тэба, аддаючы яму пашану як першаму хрысціянскаму пустэльніку. Хоць ён не быў фармальным заснавальнікам закону і яго фундатарам, закон пустэльнікаў шмат звязвае з яго асобаю. У часы пераследу Дэцыя Павел, які вельмі любіў Бога, уцёк у Тэбаідскую пустыню і пасяліўся ў пячоры каля раскідзістай пальмы, пад якою бруіла крыштальная крыніца. Палюбіўшы гэтае жыллё, ён правёў у ім у малітве, пакаянні і адзіноце ўсё жыццё. «Сам-насам з Богам» — гэтыя словы сталі дэвізам і заклікам для кожнага белага манаха. Гэта адна з рысаў, якая адлюстроўвае харызмат Закону святога Паўла.У біяграфіі святога Паўла, першага пустэльніка, гаворыцца, што ён штодзённа атрымліваў ад Бога паўбохана хлеба, які прыносіў яму воран. Гэтае сілкаванне св. Паўла нябеснаю ежаю заахвочвае манахаў паўлінаў да асаблівай адарацыі Езуса Эўхарыстычнага. Адсюль вынікае наступная рыса харызмату — жыць Эўхарыстыяй.Асаблівым харызматам Закону пустэльнікаў з’яўляецца культ Багародзіцы. Даручаныя Закону санктуарыі, у тым ліку і Яснагорскі санктуарый Маці Божай Чэнстахоўскай, аказалі вялікі ўплыў на марыйную форму духоўнасці. Папа Ян Павел ІІ у казанні перад Яе цудоўным абразом сцвердзіў, што «ласка Яснай Гары стала агульным харызматам усяго Закону святога Паўла».У Пінскай дыяцэзіі айцы паўліны служаць вернікам парафій у Гомелі і Пінску. Выкарыстаны матэрыялы кнігі «Пра пакліканне»© «Pro Christo» 2005.