Кангрэгацыя Сясцёр Кармэлітак ад Дзіцятка Езус (кармэліткі ад Дзіцятка Езус) (CSCIJ)
Шлях, якім ідуць сёстры кармэліткі ад Дзіцятка Езус — гэта шлях даверу і падпарадкавання Божай волі. На гэтым шляху яны наследуюць Хрыста. Езус Эўхарыстычны, прысутны ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, разам з імі вядзе скрытае жыццё, будучы крыніцаю, з якой першыя кармэліткі маглі чэрпаць сілы і любоў, каб ісці да людзей.«У Кармэлі жывуць Эўхарыстыяй». Кожны дом кангрэгацыі — гэта Бэтлеем, у якім нараджаецца Дзіцятка Езус. Яго прыклад — «Маленькага Боскага Заснавальніка» — з’яўляецца для сясцёр узорам іх жыцця і духу. Дзіцячы давер да Бога выяўляецца не ў словах або ўчынках, а ў пакоры і ахвяры, у прастаце думак і апостальстве радасці сясцёр сярод «маленькіх гэтага свету». Кармэль Дзіцятка Езус — гэта валадарства Божага Дзіцяці, валадарства евангельскай прастаты, валадарства бязмежнай веры, надзеі і любові.Гэтае валадарства пашырылася таксама на Беларусь, і невыпадкова. Заснавальнік Слуга Божы айцец Ансэльм ад святога Андрэя Карсіні хацеў, каб агонь Божай любові дайшоў да нашай зямлі, да ўсіх тых, хто жадае пайсці ў Неба «маленькім шляхам», указаным святой Тэрэзай ад Дзіцятка Езус. Сціплы святар з супольнасці босых кармэлітаў, айцец Ансэльм, ідучы за натхненнем Духа Святога і адказваючы на патрэбы свайго часу, у супрацоўніцтве з маці Тэрэзай ад святога Юзафа ў 1921 годзе ў Сасноўцы стварыў новае адгалінаванне кармэліцкага Закона.«У духоўнай дзіцячасці чалавек не старэе», — паўтараў айцец Ансэльм і сваім прыкладам сведчыў пра гэтую праўду, захоўваючы да канца жыцця шчырасць, непасрэднасць, паслухмянасць настаяцелям, сардэчнасць да людзей і дзіцячыя адносіны да Бога. За час свайго доўгага жыцця ён паспеў зрабіць шмат добрага для Закону і ўсяго Касцёла, ва ўсім шукаючы хвалы Божай.Дзіцятка Езус — гэта Той, Хто авалодвае сэрцам, захапляе і заахвочвае ісці пад штандарам Яго Дзяцінства ў ахвярнай любові, «праслаўляючы Бога малітваю і апостальствам». Дзякуючы Яму колькасць сясцёр павялічваецца, кангрэгацыя расце і развіваецца таксама на беларускай зямлі, сёстры дзеляцца скарбам даручанага ім харызмату. Ведучы супольнае жыццё, яны сведчаць аб любові і еднасці ў падзеленым нязгодамі свеце.Апостальства сясцёр кармэлітак ад Дзіцятка Езус — гэта перш за ўсё малітва і кантэмпляцыя (малітоўнае сузіранне), пастаяннае прабыванне з Богам. «Паказаць Богу сваю любоў, аддаць Яму ўсё, любіць Яго таксама за тых, хто адмаўляе Яму ў любові, бо толькі любоў праслаўляе Бога і пашырае Яго Валадарства».Кармэль дбае пра хвалу Божую і збаўленне душаў, клапоціцца пра тое, каб Касцёл меў святое святарства. Асаблівы абавязак малітвы за святароў і місіянераў з’яўляецца патрэбаю сэрца кожнай кармэліткі, а таксама заданнем, якое вызначыла св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус.Кармэль — цалкам марыйны. Праз дар святога шкаплера сёстры з’яднаныя моцнай сувяззю са сваёю Маці і Валадаркаю. Гэтым знакам кожная кармэлітка ад Дзіцятка Езус вызнае, што яна — дзіця Маці Божай, што яна наследуе жыццё Марыі ў кантэмпляцыі таго, што пазнае пра Божае Дзіцятка. Яднаючыся з Марыяй, сваё пакліканне праз Яе рукі сёстры складаюць за святы Касцёл і такім чынам прымаюць удзел у збаўчай справе Хрыста. Спадзеючыся на Божую дапамогу, яны не перастаюць абвяшчаць прыйсце Божага Валадарства, «абяцанага дзецям».У Пінскай дыяцэзіі сёстры служаць у Брэсце, агортваючы сваёй апекай парафіі горада і наваколля. Выкарыстаны матэрыялы кнігі «Пра пакліканне»© «Pro Christo» 2005.