Кангрэгацыя Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і (місіянеркі Святой Сям’і) (MSF)


Сярод разнастайных харызматаў, якімі Дух Святы ўзбагачае людзей для выканання асаблівай місіі ў святым Касцёле, варта звярнуць увагу на харызмат еднасці, якім Бог адарыў благаслаўлёную Баляславу Лямэнт, заснавальніцу Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і. Галоўнай мэтай яе жыцця і створанай ёю кангрэгацыі стала еднасць Касцёла, тая еднасць, аб якой у Вячэрніку маліўся Хрыстус: «Святы Ойча, захавай у Тваім імені тых, каго Ты мне даручыў, каб гэтак, як і мы, яны былі адно».

Благаслаўлёная Баляслава нарадзілася 3 ліпеня 1862 года ў шматдзетнай сям’і рамесніка ў Ловічы (Польшча). Пасля базавай школы яна закончыла трохгадовую рускую гімназію з залатым медалём. Бацькі паслалі яе ў Варшаву атрымаць дыплом краўца. Папрацаваўшы два гады швачкаю, па парадзе спаведніка яна ўступіла ў Кангрэгацыю Сясцёр Святой Сям’і Марыі. Пасля часовых шлюбаў Баляслава працавала выхавацелькаю дзяўчат у розных дамах кангрэгацыі. Калі надышоў час скласці вечныя шлюбы, Баляслава выйшла з кангрэгацыі, бо хацела ўступіць у закрыты кляштар, аднак спаведнік указаў ёй на неабходнасць працы сярод пакінутай і занядбанай моладзі, каб абараніць яе ад страты веры. Тады яна вярнулася ў Варшаву, дзе заснавала швейнае атэлье і адначасова Дом-начлег для бяздомных маці, якім кіравала дзесяць гадоў, клапоцячыся не толькі пра іх матэрыяльны, але і пра духоўны стан, рэлігійнае і маральнае жыццё, пра вяртанне да Бога.

Усё яе жыццё было напоўнена жаданнем праслаўляць Бога, павялічваць Яго хвалу і клапаціцца пра збаўленне душаў. Глыбока прасякнутая вучэннем Евангелля, Баляслава хацела, каб як мага больш людзей атрымала плён са справы адкуплення, якую здзейсніў Хрыстус.

Кангрэгацыя Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і была заснавана благаслаўлёнай Баляславай Лямэнт у 1905 годзе ў Магілёве. Мэтаю кангрэгацыі павінны былі стаць малітва, рэлігійна-выхаваўчая дзейнасць і імкненне да паяднання хрысціянскіх канфесій. Сёстры фармуюць сваё жыццё па прыкладзе Святой Сям’і, а ідэал еднасці бачаць у Найсвяцейшай Тройцы. Гэтак жа як Святая Сям’я далучылася да здзяйснення збаўчага плана Бога, так і кангрэгацыя далучаецца да пашырэння Божага Валадарства, працуючы ў духу свайго асаблівага апостальска-экуменічнага паклікання.

Шлях да еднасці — гэта Езус Хрыстус, які застаўся з намі ў Сакрамэнце Эўхарыстыі як знак еднасці, таму благаслаўлёная Баляслава з асаблівай пабожнасцю здзяйсняла пакланенне Пану Езусу, скрытаму ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Надзвычайнаю ласкаю яна лічыла магчымасць удзельнічаць у Найсвяцейшай Ахвяры і прабываць у прысутнасці Пана Езуса пад постаццю хлеба ў капліцах супольнасці.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі кангрэгацыя працягвала служэнне на тэрыторыю тагачаснай Польшчы, таксама ў Заходняй Беларусі. Пасля Другой сусветнай вайны засталіся толькі два асяродкі кангрэгацыі на савецкіх тэрыторыях: у Вільні і Пінску.

Сёння сёстры місіянеркі святой Сям’і служаць у Пінскай дыяцэзіі ў Баранавічах. Праца сясцёр заключаецца ў падрыхтоўцы да святых сакрамэнтаў і паглыблення веры, у дапамозе тым, хто жыве ў нястачы: сёстры гатуюць абеды для самых бедных, наведваюць вязняў, апякуюцца самотнымі маці, якія адны выхоўваюць дзяцей, апякуцца сіротамі і праблемнымі сем’ямі.

Выкарыстаны матэрыялы кнігі «Пра пакліканне»© «Pro Christo» 2005.