Кангрэгацыя Малой Справы

Божага Провіду

(арыяністы) (FDP)


Вялікаю пашанаю да Найсвяцейшага Сакрамэнту і любоўю да Маці Божай вызначаўся святы Луіджы Арыёнэ, італьянскі святар, заснавальнік кангрэгацыі Малой Справы Божага Провіду — супольнасці айцоў арыяністаў. Луіджы Арыёнэ нарадзіўся ў 1872 г. у паўночнай Італіі. Яшчэ падчас вучобы ў семінарыі малады клерык распачаў апостальскую дзейнасць сярод занядбанай моладзі ў заснаваным ім араторыі, моладзевым цэнтры, які быў створаны накшталт салезіянскіх араторыяў. Як святар і законнік усім сваім жыццём ён служыў Богу, перадусім праз здзяйсненне спраў міласэрнасці ў адносінах да самых бедных, пакінутых, сіротаў, дзяцей вуліцы, фізічна і разумова хворых, людзей, якіх адкідала грамадства. З мэтаю міласэрнасці ён заснаваў Кангрэгацыю Сыноў Божага Провіду — айцоў арыяністаў, а таксама жаночую Кангрэгацыю Сясцёр Малых Місіянерак Міласэрнасці — сясцёр арыяністак. Айцец Луіджы з’яўляецца таксама заснавальнікам Кангрэгацыі Сясцёр Сакрамэнтак Нябачных, пакліканне якіх — няспынная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і пастаянная малітва, скіраваная на падтрымку Малой Справы Божага Провіду.

Арыяністы адчуваюць, што асаблівым чынам з’яўляюцца сынамі Нябеснага Айца і з вераю аддаюць сябе Яго Провіду, да якога маюць бязмежны давер. Яны асабліва давяраюць і пакланяюцца Марыі, якую лічаць сваёю Заснавальніцаю. Ёй у апеку яны аддаюць Малую Справу, якая — па словах Луіджы Арыёнэ — Ёй належыць і з’яўляецца справаю Яе мацярынскай дабрыні.
Заснавальнік таксама лічыў, што «Найбольшая любоў, якую мы можам праявіць да якой-небудзь душы, — гэта даць ёй Езуса! Найпрыгажэйшую радасць мы можам прынесці Езусу, калі аддадзім Яму ў валоданне якую-небудзь душу». Такім чынам, рэалізуючы свой асаблівы харызмат далучэння да Касцёла людзей простых і церпячых, арыяністы займаюцца абуджэннем пакліканняў, законнай і касцёльнай фармацыяй, евангелізацыяй, катэхізацыяй, місіямі і экуменічнай дзейнасцю, апекаю над хворымі, сіротамі, пажылымі, фізічна і разумова непаўнавартаснымі людзьмі, а таксама бяздомнымі. Арыяністы кіруюць араторыямі і моладзевымі цэнтрамі, праводзяць апостальства сярод рабочых, арганізуюць парафіі ў асяроддзях беднякоў. У любы момант кангрэгацыя гатовая ўзяцца за справы, якія ім даручыць Апостальская Сталіца як найбольш прыдатныя для аднаўлення ў Езусе Хрысце. Служэнне Касцёлу на Беларусі члены кангрэгацыі распачалі ў 1990 г. на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі, дзе іх апецы ў той час быў даручаны санктуарый Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся, а таксама санктуарый святога Андрэя Баболі.

Святы Луіджы Арыёнэ быў чалавекам, які жыў надзвычай дынамічна. Ён без рэшты аддаваў усё сваё жыццё — дзень за днём — у распараджэнне Езусу, Марыі, Папу і людзям. У сваёй сям’і ён навучаўся любові да Езуса, скрытага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, і да Марыі, якую любіў з дзіцячай самаадданасцю. Прыкладам такой любові ён стаў для сваіх духоўных сыноў і дачок. «Наша кангрэгацыя, — не раз паўтараў айцец Арыёнэ, — узнікла каля ног Езуса Эўхарыстычнага, таму яе ўдзельнікі павінны пабожна ўшаноўваць Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, клапаціцца пра збаўленне даручаных душаў, весці іх да жывой і вечнай крыніцы самой любові — Эўхарыстыі».
Вось словы, якія сведчаць пра вялікую любоў айца Арыёнэ да Найсвяцейшай Маці: «Нашы зямныя маці завяршаюць жыццё і паміраюць, а Марыя — Маці нашых маці — гэта тая вялікая Маці, якая ніколі не памрэ. Мінула ўжо дваццаць стагоддзяў, а Яна сёння яшчэ больш жывая, чым тады, калі спявала «Magnifikat» і прарочыла, што ўсе пакаленні будуць называць Яе благаслаўлёнаю (...) Марыя — гэта вялікая Маці, якая ззяе хвалою і любоўю на даляглядах хрысціянства. Для кожнага з нас Яна з’яўляецца Правадыркаю і падтрымкаю (...) Будзем жа Яе ўшаноўваць і вельмі сардэчна любіць...».
Айцец Арыёнэ пісаў і часта гаварыў: «Ave Maria e avanti! — «Вітай, Марыя, і наперад!» Сваёю дзейнасцю ён хацеў умацаваць веру, ажывіць надзею і распаліць любоў у сэрцах людзей, якія гарнуліся да яго. Молячыся на ружанцы, будзем паўтараць з вялікай любоў Анёльскае прывітанне «Вітай, Марыя» і з адвагаю ісці наперад «Per Mariam ad Iesum — Праз Марыю да Езуса».

Сёння айцы арыяністы служаць у Пінскай дыяцэзіі ў парафіях у Кобрыне, Гарадцы і Маларыце.

Выкарыстаны матэрыялы кнігі «Пра пакліканне»© «Pro Christo» 2005.