Таварыства Каталіцкага Апостальства

(палатыны і палатынкі) (SAC)


Святы Вінцэнт Палоцці, рымскі святар, жыў у першай палове ХІХ стагоддзя. З мэтаю ажыццяўлення апостальскага паклікання народа Божага, а таксама дзеля аб’яднання намаганняў у служэнні апостальскай місіі Касцёла ён заснаваў Таварыства Каталіцкага Апостальства, у склад якога ўваходзяць святары і браты палатынцы, сёстры палатынкі і свецкія супрацоўнікі.

Створанай супольнасці святы Вінцэнт вызначыў задачу паказваць разнастайнасць пакліканняў, абуджаць іх і актывізаваць. Універсальны, цалкам эклезіяльны падыход — гэта неад’емны элемент духоўнасці таварыства.
Самым вялікім жаданнем святога было тое, каб усе любілі Касцёл і адчувалі сваю адказнасць за яго. Ён хацеў, каб кожны адчуваў сябе апосталам Езуса, які пасланы абвяшчаць Валадарства Нябеснае там, куды яго скіраваў Бог, вызначыўшы яму жыццёвае заданне. Таму ідэя стварэння Таварыства Каталіцкага Апостальства грунтуецца на супольнасці апосталаў, сабраных у Вячэрніку, і звязваецца з падзеяй Спаслання Духа Святога. Сіла апостала — Дух Святы і трыванне ў малітве разам з Марыяй, Каралевай апосталаў. Беручы пад увагу невялікія чалавечыя магчымасці плённага прыняцця дароў Духа Святога, супрацоўніцтва з Марыяй мае агромністае значэнне для жыцця палатынаў. Асноўным і непахісным статутам жыцця супольнасці з’яўляецца жыццё Езуса Хрыста і Яго Евангелле, а штодзённай спажывай — Эўхарыстыя. Святы Вінцэнт Палоцці часта паўтараў: «Бог стаў спажываю для маёй душы. Ён прагне карміць мяне сабою, усёю сваёю сутнасцю і Боскаю натураю з ўсімі яе бясконца міласэрнымі якасцямі. Ён выхоўвае мяне і трымае чула і моцна, напаўняе ласкамі, дарамі, міласцямі любові».

Святы Вінцэнт таксама прасіў тых, хто быў побач з ім, не дапусціць, каб Езус, які застаўся з намі, заставаўся самотным у пустых касцёлах: «Найсвяцейшая Панна Марыя, Серафімы і Херувімы, Прарокі і Апосталы, усе святыя ў небе, ідзіце за мною наведаць Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце алтара, і мы застанемся з Ім назаўсёды, будзем праслаўляць Яго, дзякаваць і ўзносіць Яму пашану Яго ўласным сэрцам, Яго ўласным языком, Яго ўласнаю душою. Вось сапраўднае наведванне, годнае Езуса Хрыста. Езу мой, дай мне сябе. Знішчы ўва мне і ўва ўсіх нас усё наша жыццё, каб не засталося ад нас нічога, што магло б перашкодзіць нам мець толькі Цябе, аднаго Цябе».

Ад пачатку ХХ ст. айцы палатыны і сёстры палатынкі служаць у Пінскай дыяцэзіі. Сёння яны апякуюцца вернікамі ў парафіях у Бярозе, Белаазёрску, Сяльцы, Сягневічах, Жлобіне і Рагачове.

Выкарыстаны матэрыялы кнігі «Пра пакліканне»© «Pro Christo» 2005.