Кангрэгацыя Сясцёр Місіянерак
Міласэрнай Любові (МС)
Кангрэгацыя сясцёр Місіянерак Міласэрнай Любові заснаваная сястрой Агнесай Баяджыу (святой Маці Тэрэзай з Калькуты) ў 1950 г. у Індыі. Сёння манахіні з гэтай супольнасці служаць у 128 краінах свету. Аснова служэння манахінь – гэта дапамога найбольш абяздоленым. Сёстры засноўваюць і вядуць пункты базавай медычнай і харчовай дапамогі бедным, служаць хворчым і паміраючым, вядуць прытулкі для бяздомных, сірат, займаюцца выхаваннем і адукацыяй бедных дзяцей. Уся дабрачынная дзейнасць сясцёр Місіянерак Міласэрнай Любові заключаецца ў тым, каб занесці кожнаму чалавеку, асабліва найбольш убогаму, Хрыстовае пасланне пра тое, што Бог памятае пра іх і любіць. “Сучасны свет, - казала Маці Тэрэза, - прагне не толькі хлеба, але і любові, ён галодны быць жаданым, быць любімым”. Гэтую місію сведчання пра Божую Любоў сёстры нясуць па ўсім свеце праз сваё ахвярнае служэнне патрабуючым.У Пінскай дыяцэзіі сёстры Місіянеркі Міласэрнай Любові служаць у Гомелі.