Санктуарый святога Андрэя Баболі ў Іванаве

адрас

Санктуарый святога Андрэя Баболі

ў Іванаве


У г. Іванава ( Янаве Палескім), непадалёк ад касцёла, святы Андрэй Баболя (нар. ў 1591 г.) аддаў жыццё за веру панёсшы мучаніцкую смерць 16 мая 1657 г. Быў пахаваны ў г. Пінску ў крыпце касцёла святога Станіслава (цяперашняя пл. Леніна). Культ гэта святога на Палессі і ва ўсёй Еўропе ппачаў імкліва пашырацца пасля яго містычных аб’яўленняў у Пінску перад пагрозай эпідэміі чумы ў 1702 г. Менавіта нябеснаму заступніцтву гэтага святога прыпісваецца захванне Беларусі ад навалы чумы, якая спусташала многія народы Еўропы, а з той пары яго ўшаноўваюць як асаблівага апекуна ад заразных хваробаў і эпідэмій.

На месцы мучаніцкай смерці святога Андрэя Баболі ў г. Іванава спачатку была ўзведзеная памятная капліца (цяперашняя плошча Леніна), незалежная ад парафіяльнага касцёла. Гэтая капліца ўвекавечаная ў малюнках знакамітага мастака Напалеона Орды, які быў іванаўскім парафіянінам. Падобная капліца была пабудаваная і захавалася ў г. Пінску (цяпер каля скрыжавання вул. Брэсцкай і вул. 60 год Кастрычніка).

Моцным імпульсам у пашырэнні ўшанавання святога Андрэя Баболі стала абвяшчэнне яго апекуном Пінскай дыяцэзіі 28 кастрычніка 1925 г. Акт быў здзейснены Слугой Божым біскупам Зыгмунтам Лазінскім. А ў святыні ў г. Іванава з’явіліся рэліквіі – рабро гэтага святога (16 мая 1926 г.).

Месца пачатку мучаніцкага шляху св. Андрэя Баболі, ад якога штогод ідзе працэсія да касцёла, цяпер знаходзіцца ў межах горада і адзначана крыжамі і мемарыялам. Дэкрэтам біскупа Антонія Дзям’янкі ад 16 мая 2013 г. касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў г. Іванава атрымаў статус дыяцэзіяльнага санктуарыя.

Урачыстасць святога Андрэя Баболі, галоўнага апекуна Пінскай дыяцэзіі, адзначаецца 16 мая.

Фэст святога Андрэя Баболі ў Іванаве збірае шматлікіх пілігрымаў штогод у суботу пасля яго ўрачыстасці.
РАІМ ПАЧЫТАЦЬ