Святы Андрэй Баболя нарадзіўся каля 1591 г. непадалёк г. Пшэмысль (Польшча). Пасля заканчэння школы распачаў служэнне ў манаскім Ордэне Таварыства Езуса (езуіты) ў Вільні. Прайшоўшы курс філасофіі і тэалогіі ў Віленскім універсітэце. У 1622 г. атрымаў святарскае пасвячэнне і цалкам прысвяціў сябе душпастырскаму служэнню ў тых мясцінах, куды яго напраўлялі духоўныя настацелі Ордэна. З 1642 г. ён вёў адданую місіянерскую дзейнасць на Піншчыне. У той час рэлігійнае жыццё палешукоў было ў вельмі занядбаным стане: у народзе панавалі шматлікія забабоны, людзі амаль не ўдзельнічалі ў набажэнствах. Андрэй Баболя хадзіў праз балоты з вёскі ў вёску, несучы святло Божай праўды ў самыя аддаленыя куточкі Палесся. Ён добра ведаў творы ўсходніх айцоў Касцёла і заўсёды мог аргументавана адстойваць аўтарытэт каталіцтва ў розных рэлігійных дыспутах. Дзякуючы яго руплівай катэхетычнай і евангелізацыйнай дзейнасці шмат людзей навярнулася да Бога і паядналася з Каталіцкім Касцёлам. З-за гэтага Андрэя Баболю называлі апосталам Піншчыны і «душахватам». У той час з-за грамадскіх канфліктаў абвастрыліся таксама адносіны паміж канфесіямі. Супярэчнасці на рэлігійнай глебе імкнуліся выкарыстаць для дасягнення сваіх мэт розныя сілы. Адной з такіх сіл былі набегі казацкіх груповак, якія дзейнічалі цалкам бескантрольна і тэрарызавалі ўсё мясцовае насельніцтва. Падчас аднаго з такіх набегаў на Пінскае Палессе 16 мая 1657 г. казакі ўварваліся ў Янаў Палескі (сучаснае Іванава Брэсцкай вобласці), дзе яны забілі ўсіх католікаў і жыдоў, не зважаючы на іх узрост, пол і паходжанне. Даведаўшыся, што непадалёк ад Янава знаходзіцца знакаміты прапаведнік Андрэй Баболя, яны выправіліся за ім у пагоню. Схапіўшы, яго страшэнна збілі і, прывязанага паміж двух коней, прыцягнулі ў Янаў. Там казакі некалькі гадзін люта здзекаваліся са сваёй ахвяры, выдумляючы ўсё новыя жахлівыя катаванні, пасля чаго двума ўдарамі шаблі перарвалі зямное жыццё святара. Андрэй Баболя быў спачатку пахаваны ў Пінску ў крыпце касцёла святога Станіслава, якім апекаваліся айцы езуіты і які быў месцам служэння святога мучаніка. У 1702 г. у часе, калі па ўсёй Еўропе распаўсюджвалася эпідэмія чумы, Андрэй Баболя містычным чынам аб’явіўся настацелю езуітаў у Пінскім калегіуме. Ён паведаміў, што калі ля яго мошчаў будуць узносіцца шчырыя малітвы да Бога, то ўся краіна будзе абаронена ад заразы чумы, а той, хто моліцца атрымае вялікія благаслаўленні. Гэтая звышнатуральная з’ява стала імпульсам да таго, што цела святога было перанесена ў спецыяльную капліцу пры касцёле. Адным з дадатковых цудаў было тое, што яно захвалася поўнасцю нятленным. Прадказаная святым абарона ад чумы сапраўды надышла, а вернікі пачалі сведчыць, што атрымліваюць праз заступніцтва мучаніка вялікія Божыя ласкі. Слава аб нябеснай апецы Андрэя Баболі хутка разышлася па Піншчыне і ўсёй Еўропе. Нятленнае цела святога Андрэя Баболі знаходзілася ў Пінску да 1808 г., калі царскія ўлады зачынілі касцёл святога Станіслава. Пасля гэтага яго мошчы былі перавезеныя ў Полацк. У 1922 г. маладыя савецкія ўлады забралі нятленнае цела мучаніка ў Маскву для даследвання цуду яго захавання. На патрабаванні Апостальскай Сталіцы ў 1923 г. цела Андрэя Баболі было перавезена з Масквы ў Рым. Адтуль, пасля ўрачыстай кананізацыі рэліквіі Андрэя Баболі ў 1938 г. былі перавезены ў Варшаву, дзе знаходзяцца па сённяшні дзень каля галоўнага алтара ў касцёле айцоў езуітаў – санктуарыі гэтага святога мучаніка. Месцам культу святога Андрэя Баболі ў Пінскай дыяцэзіі з’яўляецца касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў г. Іванава. Месца пачатку мучаніцкага шляху святога цяпер знаходзіцца ў межах горада і адзначана крыжам і мемарыялам. Дэкрэтам біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі ад 16 мая 2013 г. касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Іванаве атрымаў статус санктуарыя святога Андрэя Баболі. Святы Андрэй Баболя з’яўляецца нябесным апекуном Пінскай дыяцэзіі, а таксама заступнікам прапаведнікаў, місіянераў, абаронцам ад хваробаў і эпідэмій.
Урачыстасць святога Андрэя Баболі адзначаецца 16 мая. Фэст з удзелам пілігрымаў адбываецца ў Іванаве штогод у суботу пасля ўрачыстасці (субота пасля 16 мая). Падчас урачыстых набажэнстваў вернікі маюць магчымасць ушанаваць рэліквіі святога мучаніка, якія захоўваюцца ў Іванаўскім санктуарыі.