To main content
Пілігрымка Бяроза – Лагішын
У 2025 г. пілігрымка Баранавічы-Лагішын запланаваная на 5-8 жніўня.
Фэст Каралевы Палесся плануецца на 8-9 жніўня.
Пілігрымка Бяроза - Лагішын

Пілігрымка Бяроза – Лагішын


Пілігрымка Бяроза – Лагішын з’яўляецца прадаўжальніцай традыцыі жнівеньскай пілігрымкі Баранавічы – Лагішын. У 1997 г. кардынал Казімір Свёнтэк увянчаў выяву Хрыста і Багародзіцы на лагішынскай цудадзейнай іконе каронамі ад імя Папы Яна Паўла ІІ і абвясціў аб устанаўленні санктуарыя Маці Божай Лагішынскай як галоўнай апякункі Пінскай дыяцэзіі пад тытулам “Каралевы Палесся”. У жніўні таго ж года перад святам Маці Божай Каралевы (22 жніўня) адбылася першая пешая пілігрымка з г. Ганцавічы ў лагішынскі санктуарый.
Пілігрымка Бяроза - Лагішын
З кожным годам маршрут і колькасць пілігрымаў вырушаючых пешшу да Маці Божай у Лагішыне імкліва павялічваліся. Гэта прывяло да таго, што ў 2003 г. паўсталі два цяпер ужо традыцыйныя паломніцкія маршруты: з касцёла святога Зыгмунта ў г. Баранавічы і з касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў г. Бяроза. З таго часу штогод у жніўні адбываецца ўжо традыцыйная чатырохдзённая пешая пілігрымка (каля 110 км) з Бярозы да цудадзейнай іконы Каралевы Палесся.

Пілігрымка Бяроза - Лагішын
Маршрут пілігрымкі штогод у першай палове жніўня праходзіць ад касцёла ў Бярозе ад лагішынскага санктуарыя праз маляўнічыя і багатыя гісторыяй мясціны. Паломнікаў гасцінна вітаюць жыхары вёсак Здзітава, Бездзежа, Моладава, Парэчча і інш. Пілігрымы нясуць іх малітвы і просьбы да цудоўнай выявы Хрыста і Багародзіцы ў Лагішыне.
Пілігрымка Бяроза - Лагішын
Адначасова з гэтай пілігрымкай па сваім маршруце крочаць паломнікі з г. Баранавічы. Традыцыйна прыход пешых пілігрымак у санктуарый распачынае Лагішынскі марыйны фэст, які трывае з дня прыходу і прыезда паломнікаў і завяршаецца на наступны дзень урачыстай святой Імшой а 10.00 на палявым алтары каля касцёла. Кульмінацыйным духоўным момантам фэста становіцца святая Імша а 22.00 у дзень прыходу пілігрымак. Гэтая літургія завяршаецца адмысловай малітоўнай працэсіяй са свечкамі вакол санктуарыя Каралевы Палесся.
Пілігрымка Бяроза - Лагішын
Традыцыйна жнівеньскі паломніцкі фэст Маці Божай у Лагішыне адбываецца ў выхадныя перад урачыстасцю Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (перад 15 жніўня).

У 2025 г. пілігрымка Бяроза - Лагішын запланаваная на 5-8 жніўня.
Фэст Каралевы Палесся плануецца на 8-9 жніўня.
Пілігрымкі Пінскай дыяцэзіі