Гомель — парафіяльны касцёл Нараджэння
Найсвяцейшай Панны Марыі
Старадаўні драўляны касцёл у Гомелі вядомы з 1631 г., пабудаваны вернікамі пры падтрымцы караля Жыгімонта ІІІ Вазы. Верагодна, храм называўся ў гонар Святога Казіміра.У 1822 г. у Гомелі пабудавалі новы мураваны касцёл, які замяніў стары храм. Яго асвяцілі ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У выніку атэістычных рэпрэсій у 1937 г. загінуў апошні перадваенны пробашч гомельскай парафіі ксёндз Франц Чырскі. Тады ж быў зачынены касцёл, а ў 1940 г. ён быў разбураны.Адраджэнне парафіі настала ў 1989 г. У тым жа годзе быў прызначаны першы пасляваенны пробашч - ксёндз Славаміра Ляскоўскі. Першапачаткова вернікі збіраліся на набажэнствы ў вартоўні на Навабеліцкіх могілках. Створаная супольнасць актыўна намагалася арганізаваць месца Божага культу. Тэрыторыя, дзе раней знаходзіўся касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, было занята праезджай часткай дарогі, таму вернікі папрасілі аддаць ім будынак па адрасу вул. Савецкая, 118, які ў той час належаў камбінату «Мастацтва», а раней тут знаходзіліся Новікаўскія могілкі і капліца.20 лютага 1990 г. мясцовыя ўлады выдзелілі парафіі тэрыторыю для будаўніцтва касцёла. Працы пачаліся ў 1994 г. Адроджаная парафія ў Гомелі ўзяла тытул Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, так называлася капліца, якая раней стаяла на гэтым месцы. Новы касцёл асвяціў тагачасны Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі Кардынал Казімір Свёнтэк 9 снежня 2000 г. У 2012 г. італьянскія майстры Фабіо і Ісмаэль Нонэс упрыгожылі інтэр’ер касцёла фрэскамі, выкананымі ў візантыйскім стылі.Пры садзейнічанні Пінскай дыяцэзіі, шматлікіх вернікаў мясцовай парафіі на чале з тагачасным пробашчам ксяндзом Славамірам Ляскоўскім, у Гомелі ў 1990-я гады распачала дзейнасць Дабрачынная каталіцкая місія «Карытас-Міласэрнасць», на базе якой існуюць дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў і Інтэграцыйны адукацыйна-тэрапеўтычны цэнтр. Таксама з 1993 г. на вул. Савецкай, 146а функцыянуе Дом міласэрнасці для найбольш патрабуючых, у якім служаць сёстры Кангрэгацыі Місіянерак міласэрнай любові святой Тэрэзы з Калькуты. Таксама пры Інтэграцыйным цэнтры служаць сёстры з Кангрэгацыі Бэнэдыктынак самарытанак Святога Крыжа. Парафіяльны адпуст:8 верасня — свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.