Іванава — парафіяльны касцёл Узвышэння Святога Крыжа, Санктуарый Святога Андрэя Баболі
Касцёл Узвышэння Святога Крыжа быў пабудаваны з цэглы ў 1848 г. замест раней разбуранага старадаўняга парафіяльнага касцёла. Святыню будавалі вернікі пад кіраўніцтвам мясцовага пробашча ксяндза Францішка Палулона. Касцёл быў пасвечаны ў 1852 г. біскупам Вацлавам Жылінскім. У 1899 г. будынак адрамантаваны на ахвяраванні парафіянаў. У 1948 г. касцёл быў зачынены тагачаснымі ўладамі. Будынак спярша выкарыстоўваўся як склад, а пазней быў прыстасаваны пад Дом культуры. Была разбураная таксама ў цэнтры мястэчка капліца святога Андрэя Баболі. Касцёл у Іванаве з’яўляецца месцам культу святога Андрэя Баболі (1591–1657), які прыняў пакутніцкую смерць за веру ад рук казакаў паблізу мястэчка. За сваю місіянерскую і катэхетычную дзейнасць святы Андрэй быў названы «Апосталам Палесся» ды «Пінскім апосталам». 16 мая 1657 г. быў схоплены і закатаваны казакамі ў Янаве (Іванаве) ў часы ваенных ліхалеццяў 1654—1667 гг. На месцы яго гібелі была ўзведзена высокая, падобная на калону, капліца, вядомая па малюнку Напалеона Орды. Сёння месца пачатку мучаніцкага шляху святога знаходзіцца ў межах горада і адзначана помнікам, кампазіцыю якога вызначаюць два крыжы — каталіцкі і праваслаўны. 22 лістапада 1994 г., дзякуючы старанням вернікаў і ксяндза Станіслава Паўліны FDP, касцёл быў вернуты іванаўскай каталіцкай парафіі, а 4 снежня ў храме адбылася першая святая Імша.У 1995-2000-я гг. касцёл быў адноўлены, акаймаваны мураванай агароджай з цэнтральнай брамай і бакавымі трох’яруснымі вежамі. Разам з мясцовымі вернікамі шмат працы ў аднаўленне храма было ўкладзена пробашчамі парафіі: ксяндзом Тадэвушам Стэчкоўскім FDP і ксяндзом Паўлам Кручэкам. Дэкрэтам біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі ад 16 мая 2013 г. касцёл Узвышэння Святога Крыжа атрымаў статус дыяцэзіяльнага санктуарыя святога Андрэя Баболі. Парафіяльны адпуст:16 мая — урачыстасць святога Андрэя Баболі;14 верасня — свята Узвышэння Святога Крыжа.