Лагішын —парафіяльны касцёл Святых Апосталаў Пятра i Паўла, Санктуарый Маці Божай Каралевы Палесся
Лагішын – гэта мястэчка, што знаходзіцца ў адлегласці 27 км на поўнач ад Пінска. Вялікі Князь Літоўскі і Кароль Польскі Уладыслаў IV у 1643 г. надаў мястэчку Лагішын на Палессі прывілей самакіравання. У 1634 г. пры падтрымцы князя Альбрэхта Станіслава Радзівіла ў Лагішыне быў пабудаваны з дрэва велічны каталіцкі храм для парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла. У 1866 г. тагачасныя ўлады перадалі касцёл іншай канфесіі. У руках вернікаў іншай канфесіі разам з касцёлам аказаўся і надзвычай шанаваны католікамі цудадзейны Лагішынскі абраз Маці Божай.Прыкладна каля 1893 г. былы касцёл быў разабраны і перанесены на старыя могілкі з паўночнага боку Лагішына, а на яго месцы пабудавалі мураваную царкву. У яе разам з касцёльнай маёмасцю перанеслі абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езусам. А стары драўляны касцёл каля 1897 г. быў уначы спалены. У пазнейшыя часы цудоўны абраз вярнуўся ў касцёл. У 1905 г. з дазволу царскіх уладаў католікі Лагішына стварылі касцёльны камітэт і сталі збіраць сродкі на будаўніцтва новага касцёла. У 1907 г. прыступілі да будоўлі. Касцёл скончылі ў 1910 г. 1 лістапада 1910 г. у мястэчка прыехаў пробашч парафіі - ксёндз Францішак Грабоўскі. Для спаткання святара жанчыны выклалі палатном дарогу ад брамы да касцёла. Кансэкрацыю новага каталіцкага храма пад тытулам Святых апосталаў Пятра і Паўла 14 ліпеня 1913 г. здзейсніў Мітрапаліт Магілёўскі арцыбіскуп Вінцэнт Ключынскі.Лагішынскі касцёл з’яўляецца адным з галоўных духоўных цэнтраў Пінскай дыяцэзіі. З 10 мая 1997 г. ён выконвае функцыю дыяцэзіяльнага санктуарыя. У той дзень Кардынал Казімір Свёнтэк увянчаў лагішынскую выяву Маці Божай з Дзіцяткам Езусам на руках адмысловымі каронамі, якія асвяціў Папа Ян Павел ІІ, а таксама быў зацверджаны тытул Маці Божай у лагішынскай выяве як Каралевы Палесся і Апякункі Пінскай дыяцэзіі. Два разы ў год, у маі і жніўні, у Лагішын ладзяцца пешыя пілігрымкі вернікаў. Цудатворны абраз Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся Гісторыя абраза:Падзеі адбываліся ў часы шведскіх наездаў. Шведскі аддзел, вяртаючыся, затрымаўся ў Лагішыне. Адзін афіцэр – Галабурда – засяліўся да гарадскога сакратара Малішэўскага. Галабурда вёз багата аздоблены абраз Божай Маці з Дзіцяткам Езусам. Той абраз, загорнуты ў тканіну, ён пакінуў у сенцах у такім месцы, дзе яго засланялі адчыненыя дзверы. Калі прыйшоў раптоўны загад рушыць прэч, адчыненыя дзверы засланілі абраз, і Галабурда забыўся пра яго. Малішэўскія, пабачыўшы, што гэта абраз Маці Божай (відавочна аднекуль скрадзены, але адкуль – невядома) са згоды іншых месцічаў аддалі ў касцёл. У касцёле ён стаў вядомы як цудадзейны. Асаблівым цудам было захаванне драўлянага касцёла пасля вялікага пажару, які знішчыў вакол усе дамы. Гэтае ацаленне прыпісалі Найсвяцейшай Маці, абраз Якой знаходзіўся ў касцёле. Калі касцёл быў канфіскаваны і ператвораны ў царкву, абраз там застаўся. А калі была пабудаваная новая царква, абраз перанеслі ў яе, і там ён быў у вялікай пашане. Католікі памяталі, што гэта іхні абраз. Дзеці часта з цікаўнасці заходзілі ў царкву, і старэйшыя паказвалі яго малодшым і казалі: “Гэта наш абраз”. Самы вялікі звон у царкве быў таксама з касцёла. У 1930-я гг. абраз быў вернуты ў касцёл. Некаторы час ён знаходзіўся на рэстаўрацыі ў Варшаве. Улетку 1938 г. біскуп Пінскі Казімір Букраба прывёз абраз у Лагішын і быў сустрэты ўрачыстай працэсіяй каталікоў і праваслаўных. Абраз быў усталяваны ў галоўным алтары касцёла біскупам. Парафіяльны адпуст:25 снежня — урачыстасць Нараджэння Пана;1 студзеня — Абразанне Пана;Нядзеля Уваскрасення Пана;10 мая — гадавіна каранацыі абраза Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся;13 чэрвеня — успамін св. Антонія Падуанскага;29 чэрвеня — урачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла;22 жніўня — свята Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы.