Мазыр — парафіяльны касцёл Святога Міхала Арханёла


Гісторыя гэтага парафіяльнага касцёла сягае ў XVII ст. У 1616 г. пры падтрымцы караля Жыгімонта ІІІ Вазы быў узведзены драўляны парафіяльны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, які да нашых дзён не захаваўся. У 1645 г. у Мазыры былі заснаваны кляштар бэрнардынаў і касцёл, якія некалькі разоў перабудоўваліся. У 1865 г. гэтыя касцёлы былі канфіскаваныя і перададзеныя іншай канфесіі.
У першай палове XVIII ст. ва ўрочышчы Кімбараўка, размешчаным у некалькіх кіламетрах на паўднёвы ўсход ад Мазыра, распачалі сваё служэнне манахі ордэна цыстэрсаў.
Манаская супольнасць цыстэрсаў была арганізаваная на мазырскай зямлі ў 1711 г. па запрашэнню мясцовай шляхты. Манахі прыбылі сюды з Выстыцкага абацтва (Брэсцкі раён). Супольнасць узначаліў айцец Бэнэдыкт Ружанскі, які займаў пасаду абата ў Выстыцкім кляштары.
Першымі фундатарамі Кімбараўскага мужчынскага кляштара цыстэрцаў былі: падчашы кіеўскі Зыгмунт Шукста і яго жонка Альжбета, Сафія Камароўская (у хроніках сустракаецца таксама Тэрэза Камароўская), Богушы і Бакумава.
У той час адчувалася патрэба ў жаночым клаштары. Справу яго арганізацыі ўзначаліў айцец Бэнэдыкт Ружанскі пры садзейнічанні мясцовай шляхты. Каля 20 гадоў ён збіраў ахвяраванні на гэтую мэту. Значную колькасць грошай выдзеліў Казімір Сапега.
У 1743 г. а. Бэнэдыкт Ружанскі прыступіў да будовы касцёла пад тытулам св. Міхала Арханёла і кляштарнага комплекса на зямлі, якую перадалі кімбараўскія манахі.
На сабраныя грошы быў збудаваны касцёл з усёй неабходнай маёмасцю, жылы корпус кляштара і іншыя неабходныя пабудовы.
Паводле візітацый, мы ведаем, што ў касцёле было 5 алтароў: галоўны з абразом Маці Бажай, бочныя алтары св. Якіма і Ганны, Пана Езуса Назаранскага, святога Бярнарда і святога Бэнэдыкта. На хорах быў арган на 8 галасоў.
Касцёл быў асвечаны ў 1745 г. біскупам Феліксам Тавянскім.
У 1844 г. у кімбараўскі кляштар прыбылі 12 манахінь цыстэрак з кляштара у Алобаку, аднаго са старэйшых жаночых цыстэрскіх кляштараў Польшы (заснаваны ў 1213 г.). Пры кляштары быў заснаваны пансіён-школа для дзяўчынак.
У 1864 г. па загаду ўладаў быў скасаваны мужчынскі цыстэрскі кляштар у Кімбараўцы. А 11 кастрычніка 1886 г. быз зачынены кімбараўскі кляштар цыстэрак. Сёстры пераехалі ў кляштар сясцёр нарбэртанак у Імбрамовіцэ (Польшча).
З 1888 г. да 20-х гг. ХХ ст. кляштар і касцёл выкарыстоўваліся іншай канфесіяй. Пазней будынкі выкарыстоўваліся для свецкіх дзяржаўных мэтаў.
З 1944 па 1969 гг. тут быў Кімбараўскі дзяцячы дом. З 1969 па 1985 гг. - музычнае вучылішча. З 1985 па 1990 гг. у кляштары размяшчаўся вучэбна-трэніровачны цэнтр па грэблі на байдарках і каноэ Мазырскага гарсавета ДФСА прафсаюзаў.
У 1990 г. пачалося актыўнае адраджэнне каталіцкай парафіі ў Мазыры. Тады ж сюды быў прызначаны першы ў найноўшай гісторыі пробашч - ксёндз Юзаф Дзеконьскі, які шмат рупіўся над адраджэннем духоўнага жыцця мясцовых вернікаў. У многім дзякуючы яго старанням і намаганням вернікаў 24 кастрычніка 1990 г. кляштарны комплекс быў перададзены адноўленай парафіі.
29 верасня 1995 г. касцёл быў пераасвечаны кардыналам Казімірам Свёнткам. Адметнасць гэтай парафіі ў тым, што яна названа ў гонар гістарычнай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, а касцёл захаваў свой старадаўні тытул Святога Міхала Арханёла.
У гэтым касцёле ў галоўным алтары захоўваецца копія цудадзейнага абраза Маці Божай Юравіцкай, які многія стагоддзі ўшаноўваецца мясцовымі католікамі.

Парафіяльны адпуст:
15 жніўня — урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі;
29 верасня — свята святых Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала.