Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пружанах

Паводле старадаўніх летапісаў, у 1522 г. у Пружанах для мясцовай парафіі быў пабудаваны першы каменны касцёл пад тытулам Святога Зыгмунта і Святога Вацлава. Ад 1797 г. парафія стала цэнтрам Пружанскага дэканата спачатку ў межах Луцка-Брэсцкай дыяцэзіі, а пазней – Віленскай архідыяцэзіі. У 1845 г. касцёл быў канфіскаваны царскімі ўладамі. У 1857 г. пачалося ўзвядзенне новага храма (архітэктар Генрык Марконі). Гэты недабудаваны касцёл у 1866 г. быў перададзены іншай канфесіі. У 1878 г. вернікі пачалі ўзносіць чарговы храм, будаўніцтва якога паспяхова завяршылася ў 1883 г.

8 верасня 1884 г. новы парафіяльны касцёл быў асвечаны віленскім біскупам Каралем Гранявецкiм. Храм моцна пацярпеў падчас Першай сусветнай вайны. У 1929−1930 гг. быў адрэстаўраваны. З 1939 г. па 1944 гг. вікарыем у пружанскай парафіі служыў будучы Кардынал Казімір Свёнтэк.

У 1948 г. пружанскі касцёл быў зачынены. У 1951 г. святыня была пераабсталяваная на патрэбы дзяржаўнага Дома культуры.

Пасля шматгадовых старанняў вернікаў аб вяртанні парафіяльнай святыні, 1 лютага 1993 г. будынак касцёла быў перададзены каталікам. А 6 лютага ўрачыстую святую Імшу з нагоды адраджэння храма тут служыў арцыбіскуп Казімір Свёнтэк. Рэстаўрацыя святыні доўжылася да 1998 г. У тым жа годзе 14 жніўня адбылося паўторнае асвячэнне (рэкансекрацыя) адноўленага касцёла.

Сёння Пружанскі касцёл – гэта не толькі цэнтр мясцовага дэканата, але і багатая скарбніца духоўнай спадчыны. Тут знаходзіцца знакамітая ікона Маці Божай Валадаркі Лясоў – апякункі Пружаншчыны і Белавежскай пушчы. У пружанскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі захоўваюцца агульнахрысціянскія каштоўнасці: ўнікальныя рэліквіі з часцінкай адзення Хрыста, мошчы святых апосталаў, а таксама іншых знакамітых святых, які жылі ў розныя перыяды гісторыі (усяго 30 рэлікварыеў). Для мясцовых вернікаў важнае значэнне мае захванне ў касцёле рэліквій благаслаўлёнага святара Антонія Бешта-Бароўскага, які ў1919-1923 гг. служыў у гэтай парафіі.
РАІМ ПАЧЫТАЦЬ