Пінск — катэдральны касцёл
Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Першая летапісная згадка пра Пінск адносіцца да 1097 г. Дакладную дату з’яўлення парафіі вызначыць складана. Вядома, што на тэрыторыі Турава-Пінскага княства ў Х ст. ўжо служылі святары лацінскага абраду і быў біскуп. У 1396 г. пінскі і тураўскі князь Жыгімонт Кейстутавіч (1365–1440) заснаваў кляштар айцоў францысканцаў. Першы драўляны касцёл пад тытулам Унебаўзяцця Маці Божай асвяціў біскуп Андрэй Васілла (†1398 г.) - першы віленскі біскуп. Драўляныя будынкі неаднаразова гарэлі: у сярэдзіне ХVІ ст., потым - у 1621 г. Адбудаваны ў 1629 г. касцёл кансэкраваў віленскі біскуп Яўстахі Валовіч са згоды біскупа Луцкай дыяцэзіі, да якой на той час належаў Пінск. Пасля казацка-сялянскай вайны (1648—1651) і стварэння ў 1687 г. літоўскай правінцыі францысканцаў, манахі прыступілі да будаўніцтва больш надзейных і прыгажэйшых сцен касцёла і кляштара. У другой палове ХVІІ стагоддзя ў Пінску пачынаецца значнае мураванае будаўніцтва, узнікаюць цагельні, выраб вапны і іншых будаўнічых матэрыялаў, неабходных для ўзвядзення магутнага гмаху калегіума езуітаў. У 1712–1730 гг. вялося будаўніцтва новага мураванага касцёла, які стаіць па сённяшні дзень. Да 1712 г. быў гатовы прэзбітэрый («меншы хор»), вядома, што ў гэтым годзе адбылася бенедыкацыя касцёла. Да 1723 г. збудавалі фундамент для ўсяго храма і паставілі бакавыя сцены навы, таму што ў інвентары ўжо названы 6 капліцаў для алтароў і 2 - для музычнага хора. У храме на гэты час былі ўстаноўлены 6 алтароў, а таксама амбона цудоўнай работы («per belle fabricate»). Каля 1766 г. збудавалі цагляны двухпавярховы корпус кляштара. Нарэшце, у 1817 г., архітэктар Казімір Каменскі ўзвёў трох'ярусную званіцу (чацвёрты ярус дабаўлены ў 1921 г.). 1 мая 1730 г. Біскуп Луцкі Стэфан Багуслаў Рупнеўскі асвяціў касцёл у гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта сведчыць пра тое, што работы ў інтэр'еры закончыліся. Аднак канчаткова будаўнічыя працы вакол храма і кляштара завяршыліся толькі ў 1766 г. Пры касцёле дзейнічаў шэраг брацтваў: св. Францішка, св. Антонія і Св. Тройцы. З сярэдзіны ХІХ ст. і ажно да 30-х гг. ХХ ст. існавала Ружанцовае брацтва. У 1852 г. улады Расійскай імперыі закрылі кляштар францысканцаў у Пінску, у выніку чаго касцёл перастаў быць манаскім і стаў звычайнай парафіяльнай святыняй. 28 кастрычніка 1925 г. Святы Айцец Пій ХІ Апостальскай канстытуцыяй Vixdum Poloniae unitas даў пачатак існаванню Пінскай дыяцэзіі. Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі атрымаў статус катэдральнага. У адрамантаваных будынках былога францысканскага кляштара размясцілася духоўная семінарыя (яна дзейнічала з 1925 па 1939 г. і з 2001 па 2024 г.). У новай дыяцэзіі былі створаныя катэдральны капітул і выдавецтва Пінскай дыяцэзіі. У 1932 г. у крыпце касцёла быў пахаваны першы Біскуп Пінскі Зыгмунт Лазінскі (у савецкі перыяд адбылося перапахаванне ў крыпту пад сцяной храма). Пасля ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР храм не пераставаў дзейнічаць. З 1954 г. і да 13 красавіка 1991 г. пробашчам касцёла быў ксёндз Казімір Свёнтэк — сведка веры, пазней біскуп і кардынал. Дзякуючы яму ў 1981–1986 гг. удалося правесці сур’ёзныя рамонтныя работы ў святыні. Стаўшы арцыбіскупам мітрапалітам Мінска-Магілёўскім у 1991 г., Казімір Свёнтэк выконваў функцыю Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі. Ён у значнай ступені паспрыяў таму, што ў 1996 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ надаў пінскай катэдральнай святыні ганаровы тытул Basilica Minor (малая базыліка). Пасля смерці ў 2011 г. Кардынал быў пахаваны ў крыпце пад прэзбітэрыем касцёла.У пінскім катэдральным касцёле структура беларускага гатычнага храма спалучаная з планіроўкай храма Імя Езуса (Іль Джэзу) ў Рыме - пачынальніка барока ў еўрапейскай архітэктуры. З гэтай рымскай святыняй тут пераклікаюцца толькі бакавыя навы ў выглядзе шэрагу капліц, аднак іх прызначэнне зусім іншае. Капліцы касцёла Іль Джэзу злучаныя паміж сабою, а ў пінскай катэдры яны маюць нязначную глыбіню, між сабою ізаляваныя і раскрытыя армадамі ў галоўную наву. Бакавых наваў па сутнасці няма; храм як бы аднанававы, дапоўнены паніжанымі капліцамі-камерамі для бакавых алтароў. Адзінства прасторы падкрэсліваецца цэльным комплексам манументальна-дэкаратыўнай разьбы, выкананым за кароткі час невядомымі майстрамі. Яго складаюць галоўны алтар, два бакавыя алтары на стыку навы і прэзбітэрыя, алтары ў капліцах: Маці Божай Ружанцовай і Антонія Падуанскага, святой Ганны (два апошнія не завершаныя ці пашкоджаныя) і амбона.У галоўным алтары па цэнтры размешчана вялікі абраз (4 х 2 м) «Унебаўзяцце Марыі» (копія палатна Б. Мурыльё) у разьбянай раме, па баках пастаўлены скульптуры апосталаў Пятра і Паўла - велічных старцаў з моцнымі жылістымі рукамі, басанож. Адзенні апосталаў мадэляваныя буйнымі глыбока рэльефнымі складкамі, пакрытыя пазалотаю і серабрэннем.Верхні ярус уяўляе з сябе разьбяны картуш-раму авальнай формы, пастаўлены ў праём разарванага франтона паміж пастаментамі з сядзячымі скульптурамі работы таго ж майстра, што і скульптуры апосталаў. У разьбе картуша адчуваецца большая дынаміка і «барочнасць», што сведчыць ці пра больш позні час стварэння, ці пра іншага выканаўцу. Стылістычна разьба картуша належыць да сярэдзіны ХVІІІ ст. Вартая ўвагі дэталь рэльефа: «Укрыжаванне», да якога звернуты Францішак, узвышаецца на фоне храма, у агульных рысах падобнага да пінскага касцёла з даволі характэрнай франтальнай бакавой вежай. Паколькі фасад касцёла быў завершаны каля 1766 г., рэльеф не мог быць выразаны раней за гэтую дату, аднак не пазней за 1817 г., час узвядзення званіцы. З незвычайным размахам пабудаваны табэрнакулюм, па сутнасці, самастойны твор мастацтва. Цэнтр яго ўвенчаны скульптурнай групай «Апека Божай Маці». Марыя ў кароне ахінае сваім плашчом чатырох персанажаў: двое з іх - у папскай тыяры і каралеўскай кароне - стаяць на каленях, на другім плане схілілі галовы мужчына і жанчына цывільнага стану. У дзвюх скульптурах абапал увасобленыя апосталы, дзве жаночыя фігуры маюць алегарычны сэнс: сімвалізуюць мудрасць і беднасць.У бакавым алтары Укрыжавання Пана Езуса месцы бакавых калонаў занялі алегарычныя жаночыя фігуры. У цэнтры ніжняга яруса змешчана скульптура «Укрыжаванне». Фігура выразана надзвычай прыгожа, з тонка выяўленымі дэталямі напружанага, фізічна моцнага цела, пальцы рук здаюцца сціснутымі ў кулакі не столькі ад болю, як ад вымушанага бяссілля. Над «Укрыжаваннем» на фрызе - барэльеф «Плат Веранікі», характэрны для алтароў апошняй трэці ХVІІ і пачатку ХVІІІ стагоддзяў. Верхні ярус алтара выкананы ў выглядзе авальнага картуша, аздобленага рэльефнай разьбой і фігурамі херувімаў. Алтар завершаны скульптурай Яна Хрысціцеля з ахвярным баранчыкам на руцэ. Маляўнічасцю вызначаюцца фігуркі анёлаў, пасаджаных у самых розных позах на алтары, дзе толькі можна было іх размясціць.Такія ж мілыя анёлкі расселіся і ў алтары святога Францішка, падобным да алтара Укрыжавання Пана Езуса. У цэнтры - абраз святога Францішка на палатне ў шаце. Па баках яго стаяць скульптуры святога Бенедыкта і святой Клары ў доўгіх адзеннях з серабрэннем і пазалотаю. У верхнім ярусе картушы змешчана гарэльефная сцэна аб'яўлення Францішку Асізскаму Маці Божай, якая паказвае рукой уверх на Езуса з крыжам.З шасці каплічных алтароў толькі адзін (Маці Божай Ружанцовай) захаваўся ў закончаным стане. У цэнтры алтара, пад разьбяным балдахінам, змешчаны абраз Маці Божай на дошцы, з цудоўнаю шатаю 1775 г. Іканаграфічна абраз належыць да тыпу «Замілавання», аднак характар вобразаў і манера выканання гавораць пра значны ўплыў мастацтва позняга Рэнесансу. Безумоўна, мясцоваю перапрацоўкаю жыційнага абраза тлумачацца пяць круглых клеймаў на полі абраза: «Звеставанне», «Сустрэча Марыі і Альжбеты», «Нараджэнне Хрыста», «Стрэчанне», «Хрыстус-падлетак у храме». Ніжэй размешчаны невялікі абразок «Святая сям'я» італьянскай школы. Паабапал пастаўлены скульптуры арханёлаў (хутчэй за ўсё, Рафала і Габрыэля), а паміж калонамі - святы Юры (у воінскіх даспехах, з трыумфальным вянком на галаве) і святы Казімір Каралевіч. На карнізе вакол балдахіна схіліліся ўніз анёлы з музычнымі інструментамі; за імі стаяць дзве жаночыя скульптуры. Супрацьлеглы алтар святога Антонія Падуанскага або застаўся незавершаным, або быў пашкоджаны. Да першапачатковай скульптуры належаць, напэўна, толькі анёлы абапал цэнтральнага абраза святога Антонія ў металічнай шаце, а таксама невялікі гарэльеф Саваофа. Дзве бакавыя скульптуры невядомых святых у манаскім і святарскім адзенні выдзяляюцца з асноўнага комплексу пінскай скульптуры пачатку ХVІІІ ст.Апошнім алтаром комплексу, гатовага ў асноўным да 1723 г., з'яўляецца алтар у першай ад хораў левай капліцы. Цяпер у ім змешчаны абраз «Святыя Ганна, Яўхім і Марыя», аднак першапачаткова ён прысвячаўся святому Юзафу. Канструкцыйна ён найбольш блізкі да алтара Маці Божай Ружанцовай - аналагічныя карынфскія калоны, ракавіны над скульптурамі святых Бернарда Сіенскага і святой Клары. На жаль, і ў гэтым алтары не завершана дэкаратыўнае афармленне. Чатыры скульптуры, што стаяць цяпер на карнізных выступах, размешчаны выпадкова. Святы Ян Непамук і святы Ануфрый першапачаткова знаходзіліся ў алтары святой Ганны ў сярэдняй правай капліцы. Дзве іншыя скульптуры (магчыма, гэта «Альжбета Цюрынгская» і «Святая Барбара») невядома ці прызначаліся для алтара Святой Сям'і. Выдатным узорам разьбы па дрэве трэба прызнаць амбону пінскага касцёла. Яна складаецца са шматграннага кораба, спінкі з багатай разьбою і цудоўнага ажурнага балдахіна, увенчанага скульптурай арханёла Міхала ў поўны рост. Плоскія грані кораба чаргуюцца з выгнутымі, мініяцюрныя фігуры евангелістаў маюць крыху цацачны выгляд; на галовах у якасці німбаў - дыскі-аладачкі, пастаменты - у выглядзе пагоркаў, на якіх дзе прылеглі, дзе прыселі розныя звяры - сімвалы евангелістаў. Дно кораба дэкаравана накладной разьбою: сакавітыя парасткі аканта акружваюць раслінныя эмблемы, адна з якіх сімвалізуе ордэн францішканаў (скрыжаваныя рукі Хрыста і Францішка) з крыжам. Святы Пётр абапіраецца праваю рукою з ключамі на кансоль, святы Павел трымаецца за вялізны меч, нібы за посах.Амбона ўвенчаная надзвычай прыгожым балдахінам, ажурная разьба якога складаецца з разнастайных дэкаратыўных элементаў: лістоў аканта, расцвіўшых бутонаў кветак, стужак вянкоў, херувімаў, валютаў. На вяршыні стаіць арханёл Міхал з мечам і вагамі правасуддзя ў руках.Відавочна, што манументальна-дэкаратыўны ансамбль пінскага касцёла, распрацаваны як адзіны комплекс, не быў завершаны. Аўтар манаграфіі пра польскіх францішканаў К. Кантак выказаў думку, што ў Пінску разьбу выканаў майстар Ян Шмыт, які працаваў у кляштарах літоўскай правінцыі францішканаў, у прыватнасці, у Гальшанах, і памёр у 1731 г. Смерць майстра магла спыніць працу над пінскай разьбою. Аднак згаданыя шэсць алтароў існавалі ўжо ў 1723 г., г.зн. за 8 гадоў да смерці Шмыта.Асаблівым гонарам пінскага касцёла з’яўляецца абраз пэндзля Альфрэда Ромэра, які назвалі “Пінская Мадонна”. Яго падарыў мастак касцёлу ў 1894 г. І з гэтага моманту парафіянаў і жыхароў горада не пакідае ўпэўненасць, што па аблоках, падобных да пінскай імглы, трымаючы пяшчотна пры сабе Божага Сына, ступае не толькі Божая Маці, але і непаўторная ў прыгажосці свайго мацярынства, пінская гараджанка, сучасніца мастака. Першапачаткова сцены і скляпенні касцёла былі патынкаваныя і пабеленыя. У 1909 г. падчас рэстаўрацыі пасля пажара Станіслаў Рудзінскі распісаў падпружныя аркі і скляпенні арнаментальнымі матывамі. А Браніслаў Вішнеўскі напісаў дзве фрэскі “Пакланенне мудрацоў” і “Зняцце з крыжа”. У пач. ХХ ст. ужо быў магчымы адыход ад канонаў, які дазволіў побач з усходнімі мудрацамі, што прыйшлі з дарамі да нованароджанага Езуса, змясціць і сучаснікаў мастака – палешукоў: шляхціча, пастушка з дудачкай, селяніна і сялянку ў народных строях.Касцёл знакаміты сваім арганам, адным са старэйшых у Беларусі. У 1836 г. яго сканструяваў майстар Войцех Градніцкі. Падчас Першай Сусветнай вайны немцы вывезлі ўсе трубы аргана, а ў 1930-я г. Вацлаў Бернацкі зрабіў яго рэканструкцыю. Арган складаецца з 1498 металічных і дряўляных труб рознага памеру (да 4 м вышыні), 36 рэгістраў (рэгістр – група труб адной канструкцыі і тэмтра, але з рознай вышынёй гука), 2 мануалы (клавіятуры), кодны да 8 актаў.З касцёлам звязаныя гістарычныя імёны і падзеі. У 2 пал. XVIII ст. сярод пінскіх францысканцаў быў манах Гаўдэнцый – Караль Жэра (1743-пасля 1798), прыхільнік ідэяў Адраджэння. Ён сабраў больш 200 анекдатычных, пацешных і павучальных гісторый, якія адбыліся на Піншчыне і ў іншых месцах Беларусі і Польшчы, і склаў зборнік “фартэцый” (анекдотаў) “Торба смеху”, які распаўсюджваўся ў рукапісах і быў даволі папулярным сярод сучаснікаў аўтара.Адным з гвардыянаў (настаяцеляў) кляштара быў брат Антоній Машынскі, які пакінуў пасля сябе памяць як вучоны і пісьменнік, творца гісторыі пінскіх францішканцаў (1844 г.), дзейнасць якіх у Пінску па распараджэнні царскіх уладаў была спаненая ў 1852 г. Мемарыяльныя дошкі прысвечаныя памяці закладнікаў з ліку каталіцкай інтэлігенцыі, растрэленых у 1943 г. у Янаве Палескім (Іванава) пасля аперацыі супраціву – вызваленні вязняў пінскай турмы, а таксама маракам пінскай флатыліі.У 1980 г. у касцёле была пабудавана капліца Маці Божай Вострабрамскай як выраз удзячнасці Багародзіцы за ўратванне са сталінскіх лагераў пробашча мясцовай парафіі, будучага першага беларускага кардынала Казіміра Свёнтка. Тут жа ў капліцы ў нішы сцяны пахаваны першы біскуп Пінскай дыяцэзіі і заснавальнік Пінскай духоўнай семінарыі Зыгмунт Лазінскі.Вышэйшая духоўная семінарыя імя св. Тамаша Аквінскага пачала дзейнасць у былым францысканскім кляштары ў 1925 г. Многія маладыя святары – выпускнікі перадваеннага перыяду семінарыі – сталі мучанікамі за веру, прайшлі праз гітлераўскі пераслед і сталінскія лагеры. 24 з іх былі закатаваныя.У 1939 г. Пінскую семінарыю паспяхова закончыў будучы кардынал Казімір Свёнтэк, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі.Пасля святарскага пасвячэння, маючы толькі 24 гады, ён быў прызначаны вікарыем у Пружаны. У 1941 г. быў арыштаваны першы раз, у 1944 г. наступіў другі арышт і ссылка ў сталінскія лагеры (Марыінск, Варкута, Інта). Пасля вызвалення з 1954 г. па 1991 г. быў пробашчам пінскага катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і вельмі шмат зрабіў для яго захавання ва ўмовах, калі ўсе іншыя будынкі комплекса была канфіскаваныя тагачаснымі ўладамі (у іх размяшчаліся ваенная часць і Дом афіцэраў). Над былымі кляштарнымі карпусамі ваенныя збудавалі высокія трубы. Чорны вугальны дым пакрываў копаццю касцёл, пагражаў пазалочанай разбе інтэр’ера. У 1990-я гг. комплекс кляштар быў вернуты Касцёлу і пачалася маштабная рэстаўрацыя. На сучасных ажурных балконах адноўленага комплексу былога кляштару з аднаго боку – картуш з кардынальскім гербам, у якім злучаны сімвал Хрыста Валадара, выява Маці Божай Вострабрамскай, а таксама знак Марыянскай Садаліцыі – багародзічнага малітоўнага аб’яднання, да якога з маладых гадоў належаў кардынал Казімір Свёнтэк. На картушы другога балкона – выява біскупскага герба першага Пінскага біскупа Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага. Парафіяльныя адпусты ў катэдральным касцёле:2 мая — успамін святога Зыгмунта;13 чэрвеня — успамін святога Антонія Падуанскага;15 жніўня — урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.